Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

клерыкалі́зм, -у, м.

Ідэалагічная і палітычная плынь, якая імкнецца ўзмацніць уплыў царквы на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё.

Прыхільнікі клерыкалізму.

|| прым. клерыка́льны, -ая, -ае.

кле́тка¹, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Памяшканне з металічных або драўляных прутоў для птушак і жывёлін.

К. для папугаяў.

2. Спосаб складання некаторых матэрыялаў (дроў, дошак, цэглы і пад.) у выглядзе чатырохвугольніка.

Скласці дошкі ў клетку.

3. Квадрат, усякі чатырохвугольнік, начэрчаны на паверхні чаго-н.

Клеткі шахматнай дошкі.

Сшыткі ў клетку.

Грудная клетка — частка тулава, якая складаецца з рэбраў, грудзіны, пазванкоў і змяшчае ў сабе сэрца, лёгкія, стрававод.

|| памянш. кле́тачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

|| прым. кле́тачны, -ая, -ае.

кле́тка², -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Элементарная адзінка будовы жывога арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі.

Нервовая к.

|| памянш. кле́тачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

|| прым. кле́тачны, -ая, -ае.

Клетачнае ядро.

клець, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Традыцыйная сялянская будыніна для захавання збажыны, маёмасці; свіран.

2. Шахтавы ліфт.

3. Асноўная частка пракатнага стана.

клешч, кляшча́, мн. кляшчы́, кляшчо́ў, м.

Невялікая членістаногая жывёліна атрада павукападобных, якая паразітуе на целе чалавека, жывёлы, а таксама на раслінах.

|| прым. клешчавы́, -а́я, -о́е.

клешчаві́на, -ы, ж.

Алейная расліна сямейства малачаевых, з насення якой атрымліваюць рыцыну.

|| прым. клешчаві́нны, -ая, -ае.

кле́шчы, -аў.

1. Металічныя шчыпцы.

Кавальскія к.

2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын.

3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў.

Узяць у к.

клешчына́, -ы́, мн. кляшчы́ны і (з ліч. 2, 3, 4) клешчыны́, кляшчы́н, ж.

Адна з дзвюх драўляных частак хамута, якія сцягваюцца пад шыяй каня супоняй.

клёк, -у, м. (разм.).

1. Розум, развага.

У гэтага чалавека к. ёсць.

2. Жыццёвая сіла; сокі.

Нельга ж цягнуць з чалавека апошні к.

Не мець клёку ў галаве (разм., пагард.) — пра чалавека, у якога няма розуму.

клёкат, -у, М -каце, м.

1. Перарывістыя крыкі, характэрныя для некаторых птушак.

К. бусла.

2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей.

К. вады ў трубах.