Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сябе́, ДМ сабе́, Т сабо́й (сабо́ю), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсе асабовым займеннікам любой асобы і ліку.

Расказаць пра с.

Паставіць сабе многа задач.

Размеркаваць паміж сабою.

Думаць пра с.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Замкнуцца ў сабе — адасобіцца ад іншых.

Не па сабе каму (разм.) — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.).

Па сабе (разм.) — па сваім гусце.

Сам не ў сабе (разм.) — пра таго, хто страціў душэўны спакой.

У сябе хто (разм.) — у сваім доме, пакоі і пад.

сябелю́б, -а, мн. -ы, -аў, м. (разм.).

Сябелюбівы чалавек, эгаіст.

сябелюбі́вы, -ая, -ае.

Які любіць толькі сябе, эгаістычны.

сябелю́бства, -а, н. і сябелю́бнасць, -і, ж.

Клопаты выключна пра сябе, пра свае інтарэсы; эгаізм.

ся́бра, -а, мн. сябры́, -о́ў, м.

Тое, што і сябар.

сябрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; незак., з кім і без дап.

Знаходзіцца з кім-н. у сяброўстве.

|| зак. пасябрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й.

сябро́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ро́вак, ж.

1. Асоба жаночага полу, якая сябруе з кім-н.

2. Пра каханую жанчыну.

сябро́ўскі, -ая, -ае.

1. гл. сябар.

2. Заснаваны на сяброўстве, добразычлівы.

Сяброўская атмасфера.

Пагаварыць па-сяброўску (прысл.).

3. Які ўмее сябраваць.

А ты — хлопец с.

сябро́ўства, -а, н.

Адносіны паміж кім-н., якія грунтуюцца на духоўнай блізкасці, агульнасці інтарэсаў, узаемнай прыхільнасці і пад.

Вернае с.

сябру́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (разм.).

Сябар, прыяцель, таварыш.