Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

самаацэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Ацэнка самога сябе, сваіх недахопаў і сваёй годнасці.

самабічава́нне, -я, н. (кніжн.).

1. Прычыненне сабе фізічных пакут, выкліканае рэлігійным фанатызмам.

2. перан. Суровае асуджэнне сябе, сваіх памылак, паводзін і ўчынкаў у выніку ўсведамлення іх нікчэмнасці, агіднасці.

самабо́р, -а, м.

У выразе: абрус-самабор — казачны чарадзейны абрус, на якім сама па сабе з’яўляецца жаданая ежа.

|| прым. самабо́рны, -ая, -ае.

самабра́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Тое, што і самабор.

|| прым. самабра́ны, -ая, -ае.

самабы́тны, -ая, -ае.

Арыгінальны, не падобны на іншых, своеасаблівы, самастойны ў сваім развіцці.

С. талент.

Самабытная літаратура.

|| наз. самабы́тнасць, -і, ж.

самавало́данне, -я, н.

Уменне валодаць сабою, стрыманасць і душэўная ўраўнаважанасць.

Праявіць с.

самава́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Металічнае прыстасаванне для кіпячэння вады з награвальнай трубой у сярэдзіне.

Ставіць с. (пачаць кіпяціць ваду ў самавары). Электрычны с.

|| памянш. самава́рчык, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. самава́рны, -ая, -ае.

самаві́ты, -ая, -ае.

1. Мажны, дзябёлы.

Плячысты с. асілак.

2. Паважны, салідны, самастойны, упэўнены.

С. мужчына.

3. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны.

Самавітая гаспадарка.

4. (з адмоўем). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой-н. якасці.

Дарога ўжо не самавітая.

|| наз. самаві́тасць, -і, ж.

самаво́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж. (разм.).

Самавольная адлучка са службы, з работы і пад.

Пайсці ў самаволку.

самаво́льнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Паступаць самавольна.

|| наз. самаво́льнічанне, -я, н.