спыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак.
1. каго і з дадан. Звярнуцца да каго-н. з пытаннем, каб даведацца аб чым-н. —
Што рабіць далей? — спытала лабарантка.
2. што і чаго. Папрасіць што-н., звярнуцца з якой-н. просьбай.
С. дазволу паехаць па падручнікі.
3. з каго. Ускласці на каго-н. адказнасць за ўчынкі; спагнаць (разм.).
З яго за ўсё спытаюць.
спява́к, спевака́, мн. спевакі́, спевако́ў, м.
Той, хто ўмее спяваць; для каго спевы з’яўляюцца прафесіяй.
Оперны с.
|| ж. спява́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.
спява́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́ецца; незак.
1. гл. спецца.
2. Узнаўляцца, выконвацца голасам.
Песні таленавітага кампазітара спяваюцца моладдзю.
3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою спяваць.
Сёння чамусьці мне не спявалася.
спява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
1. што і без дап. Утвараць голасам музычныя гукі; выконваць вакальныя творы; умець гэта рабіць.
С. песню.
С. у оперы.
С. басам.
2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю.
С.
Міхала.
3. Пра пеўчых і некаторых іншых птушак: цёхкаць, шчоўкаць, свістаць і пад.
Салавей спявае.
Галасіста спяваў певень.
4. перан., без дап. Быць прасякнутым узнёслым, радасным пачуццём.
Сэрца маё спявае.
5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра музычныя інструменты: меладычна гучаць.
Цымбалы спяваюць.
6. аб кім-чым і пра каго-што. Складаць вершы пра што-н., услаўляць у вершах, песнях.
Паэт спявае аб Радзіме.
|| зак. праспява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны (да 1—3 знач.).
|| наз. спява́нне, -я, н. і спеў, спе́ву, м.
спяка́нне, -я, н. (спец.).
1. Шчыльнае злучэнне асобных часцінак цвёрдага рэчыва пры высокай тэмпературы.
С. тарфяных пластоў.
2. Працэс атрымання цвёрдых і порыстых кавалкаў з дробных, парашкападобных або пылападобных матэрыялаў; агламерацыя.
С. баксітаў.
спяка́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́ецца; незак.
1. гл. спячыся.
2. Мець здольнасць да спякання (у 1 знач.).
спяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак., што (спец.).
1. Выклікаць спяканне (у 1 знач.).
2. Рабіць спяканне (у 2 знач.), агламерацыю.
спяко́та, -ы, ДМ -ко́це, ж. (разм.).
Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам; спёка, гарачыня.
На дварэ стаіць с.