спаўзці́ся, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -зе́цца; -зёмся, -зяце́ся, -зу́цца; спо́ўзся, спаўзла́ся, -зло́ся; зак.
Паўзучы, сабрацца ў адно месца.
Мурашкі спаўзліся да пня.
|| незак. спаўза́цца, -а́ецца; -а́емся, -а́ецеся, -а́юцца.
|| наз. спаўза́нне, -я, н.
спаўня́цца гл. споўніцца.
спахапі́цца, -хаплю́ся, -хо́пішся, -хо́піцца; зак.
1. Раптоўна заўважыць памылку, недагляд, успомніць пра што-н. забытае.
Спахапілася, што не ўсё дапісала ў анкеце.
2. Схамянуцца, падхапіцца.
Спахапілася тады, як сын выйшаў за дзверы.
|| незак. спахапля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца і спахо́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца.
спахмурне́лы, -ая, -ае.
1. Пра з’явы прыроды: які зрабіўся хмурным, змрочным.
Спахмурнелае неба.
2. перан. Які стаў сумным, маркотным (пра чалавека, яго твар).
С. твар.
|| наз. спахмурне́ласць, -і, ж.
спахмурне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; зак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра з’явы прыроды: зрабіцца хмурным, змрочным.
Над лесам неба спахмурнела.
2. перан. Стаць сумным, невясёлым, маркотным.
Ад такой нечаканай навіны маці спахмурнела.
спахо́плівацца гл. спахапіцца.
спаце́лы, -ая, -ае.
1. Потны, пакрыты потам.
С. твар.
2. Запацелы, пакрыты вільгаццю.
Спацелыя шыбы.
|| наз. спаце́ласць, -і, ж.
спа́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., спі́цца; спа́лася; безас., незак.
Пра жаданне, магчымасць спаць.
На свежым паветры добра спіцца.