Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

плывуне́ц, -нца́ і -нцу́, мн. -нцы́, -нцо́ў, м.

1. -нца́. Жук, які жыве ў стаячай або павольна цякучай прэснай вадзе.

2. -нцу́. Насякомаедная водная расліна з шарападобнымі пухіркамі на лісцях, якія ўлоўліваюць дробных водных насякомых і харчуюцца імі (спец.).

плыву́часць, -і, ж.

Уласцівасць плывучага (у 2 і 3 знач.).

плыву́чы, -ая, -ае.

1. Які плавае, знаходзіцца, размешчаны на вадзе.

П. мост.

П. маяк.

2. Здольны трымацца на паверхні вады, плаваць.

Плывучыя матэрыялы.

3. Пра грунт: які лёгка размываецца, перамяшчацца дзякуючы вялікай колькасці вады ў ім.

Плывучая гліна.

плынь, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. Імкліва цякучая водная маса.

Рачная п.

2. Рухомы паток паветра.

Паветраная п.

Людская п. (перан.).

3. перан. Кірунак у якой-н. сферы дзейнасці.

Палітычныя плыні.

Літаратурная п.

плы́сці і плыць, плыву́, плыве́ш, плыве́; плывём, плывяце́, плыву́ць; плыў, плыла́, -ло́; плыві́; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе.

Лодка плыла супраць цячэння.

2. Ехаць на судне ці на іншым плывучым сродку.

П. на параходзе.

3. перан. Плаўна рухацца або плаўна распаўсюджвацца.

Месяц плыве па небе.

Над вёскай плыў водар садовай квецені.

Над рэчкай плыла знаёмая мелодыя.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць перад вачамі рухомымі кругамі (пры паўпрытомным стане).

Перад вачамі плылі зялёныя кругі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць, мінаць.

Плыла позняя вераснёвая ноч.

Плысці па цячэнні — не супраціўляцца абставінам; прыстасоўвацца.

Плысці (плыць) у рукі (разм.) — пра тое, што лёгка дастаецца каму-н.

плыт, -а́, М плыце́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Бярвенне, звязанае ў адзін або некалькі радоў для сплаву па вадзе.

Гнаць плыты.

|| прым. плытавы́, -а́я, -о́е.

плытаго́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Рабочы, які займаецца сплавам плытоў.

плы́тнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, які звязвае бярвенне ў плыты і прымае ўдзел у сплаве.

|| прым. плы́тніцкі, -ая, -ае.

плыўчы́ха гл. плывец.

плюга́вы, -ая, -ае (разм., пагард.).

Мізэрны, худы, нікчэмны з выгляду.

|| наз. плюга́васць, -і, ж.