Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стальма́х, стэ́льмах

(ст.польск. stelmach, stalmach, ад ням. Stellmacher)

рамеснік, які робіць калёсы, сані.

стэары́н

(ад гр. stear = тлушч)

цвёрдае паўпразрыстае арганічнае рэчыва белага або жаўтаватага колеру, якое атрымліваюць расшчапленнем тлушчаў і выкарыстоўваюць пры вырабе свечак, а таксама ў мылаварэнні, папяровай, тэкстыльнай, гумавай і іншых галінах прамысловасці.

стэатапігі́я

(ад гр. stear, -atos = тлушч + pyge = ягадзіцы, азадак)

моцнае развіццё падскурнага тлушчавага слою на бёдрах і ягадзіцах чалавека.

стэато́да

(н.-лац. steatoda)

павук сям. цянётнікаў, які жыве ў дамах і іншых пабудовах, трапляецца ў дуплах дрэў.

стэаты́т

(ад гр. stear, -atos = тлушч)

1) тлусты на выгляд мінерал, які складаецца з тальку;

2) штучны ізаляцыйны матэрыял, які атрымліваюць у выніку апрацоўкі тальку.

стэгаза́ўры

(ад гр. stege = пакрыццё + -заўр)

група чатырохногіх раслінаедных дыназаўраў з пакрытай касцянымі пласцінамі спінай, якія жылі ў мезазоі.

стэганагра́фія

(ад гр. steganos = скрытны + -графія)

тайнапіс, пісьмо ўмоўнымі, шыфраванымі знакамі.

стэгацэфа́л

(ад гр. stege = пакрыццё + kephale = галава)

вымерлае драпежнае земнаводнае з пяціпальцымі канечнасцямі, чэрап якога меў суцэльнае пакрыццё з касцей; жыло ў палеазоі.

стэк

(англ. stick)

хлыст, які выкарыстоўваецца пры верхавой яздзе.

стэ́ка

(іт. stecca)

драўляная лапатка, якая выкарыстоўваецца скульптарам пры лепцы з гліны, пластыліну, воску.