Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пласты́чны

(гр. plastikos)

1) які адносіцца да пластыкі, вызначаецца гарманічнасцю, грацыёзнасцю (напр. п-ае мастацтва, п-ыя рухі);

2) здольны пад ціскам змяняць сваю форму, не ломкі (напр. п-ыя матэрыялы);

3) звязаны з перасадкай скуры (напр. п-ая аперацыя).

пла́та

(фр. plat = плоскі)

пласціна з электраізаляцыйнага матэрыялу для ўстаноўкі і злучэння электра- і радыёэлементаў радыёэлектроннага або электратэхнічнага ўстройства.

плата́н

(лац. platanus, ад гр. platanos)

вялікае лістападнае дрэва сям. платанавых з шырокім лісцем, пашыранае ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і Еўразіі (ад Усх. Міжземнамор’я да Індакітая); адзін з відаў — чынара.

платані́зм

[ад гр. Platon = імя старажытнагрэчаскага філосафа (427—347 да н.э.)]

1) ідэалістычнае філасофскае вучэнне старажытнагрэчаскага філосафа Платона і яго паслядоўнікаў, заснаванае на тым, што рэальны зменлівы свет прыродных рэчываў з’яўляецца толькі слабым адлюстраваннем нязменнага свету вечных ідэй;

2) адсутнасць пачуццёвасці, чыста духоўная цяга да чаго-н.;

3) перан. адсутнасць якіх-н. практычных мэт, нерэальнасць.

платані́чны

(ад платанізм)

1) філас. які мае адносіны да платанізму;

2) заснаваны на духоўнай цязе, пазбаўлены пачуццёвасці (напр. п-ае каханне);

3) чыста духоўны, пазбаўлены практычных, рэальных мэт.

плато́

(фр. plateau, ад plat = плоскі)

невысокае ўзвышша з роўнай паверхняй або раўніна, узнятая над узроўнем мора на 200 м і вышэй.

платфо́рма

(фр. plate-forme = плоская форма)

1) роўная пляцоўка на чыгуначнай станцыі для пасадкі людзей у вагоны, пагрузкі;

2) таварны вагон без даху з нізкімі бартамі;

3) геал. адна з глыбінных структур зямной кары, якой уласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў (параўн. геасінклінальў;

4) праграма дзеянняў якой-н. партыі, групы, арганізацыі.

платыбаза́льны

(ад гр. platys = плоскі + basis = аснова)

з шырокай асновай, напр. чэрап у кругларотых, многіх рыб, земнаводных, змей і млекакормячых.

платыбело́дан

(ад гр. platys = плоскі + belone = іголка + odus, odontos = зуб)

хобатная жывёліна міяцэнавай эпохі, ніжнія сківіцы якой разам з біўнямі зрасталіся ў адно ўтварэнне накшталт вялікай плоскай лыжкі.

платыгі́рый

(н.-лац. platygyrium)

лістасцябловы мох сям. гіпнавых, які трапляецца на ствалах і галінах лісцевых дрэў, гнілой драўніне, камянях.