Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

біяо́птыка

(ад бія- + оптыка)

раздзел біялогіі, які вывучае сукупнасць з’яў, звязаных з выкарыстаннем жывымі арганізмамі святла для арыентацыі.

біяпаліме́ры

(ад бія- + палімеры)

высокамалекулярныя прыродныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў і выконваюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці.

біяпатэнцыя́л

(ад бія- + патэнцыял)

электрычнае напружанне, якое ўзнікае ў органах, тканках і клетках жывёльных і раслінных арганізмаў у працэсе іх жыццядзейнасці.

біяпрэпара́т

(ад бія- + прэпарат)

біялагічны прэпарат для прафілактычнага або лячэбнага ўвядзення ў арганізм і дыягнастычных даследаванняў.

біяпсі́я

(ад бія- + гр. opsis = разгляд)

узяцце невялікай колькасці тканкі ў хворага для лабараторнага даследавання, каб вызначыць характар захворвання.

біярытмало́гія

(ад біярытмы + -логія)

навука, якая вывучае цыклічныя працэсы ў біялагічных сістэмах.

біяры́тмы

(ад бія- + рытм)

сутачныя або сезонныя ваганні інтэнсіўнасці ў характары тых ці іншых біялагічных працэсаў і з’яў, якія даюць арганізмам магчымасць прыстасоўвацца да цыклічных змен акаляючага асяроддзя.

біярэдуцэ́нты

(ад бія- + лац. reducens, -ntis = які вяртае, аднаўляе)

арганізмы, якія мінералізуюць арганічнае рэчыва — раскладаюць яго на больш простыя неарганічныя злучэнні (пераважна грыбы, бактэрыі).

біярэхалака́цыя

(ад бія- + рэхалакацыя)

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў у прасторы; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл.

біясацыяло́гія

(ад бія- + сацыялогія)

1) сінонім біяцэналогіі ў многіх еўрапейскіх краінах;

2) канцэпцыя, якая тлумачыць сацыяльныя і палітычныя працэсы зыходзячы з біялагічных і фактараў, зведзеных да паняцця аб расе.