раманты́зм
(фр. romantisme)
1) кірунак у літаратуры і мастацтве канца 18 — першай чвэрці 19 ст., які ўзнік у барацьбе з класіцызмам і імкнуўся да паказу ідэальных герояў, іх інтарэсаў і пачуццяў;
2) творчы метад у літаратуры і мастацтве, прасякнуты імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека;
3) светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасці, летуценнай сузіральнасцю.
рама́нтык
(фр. romantique)
1) паслядоўнік рамантызму;
2) той, хто схільны да летуценнасці, да ідэалізацыі людзей і жыцця.
рама́нтыка
(фр. romantique = рамантык)
1) незвычайнасць, нязведанасць чаго-н., якая выклікае эмацыянальныя, прыўзнятыя адносіны;
2) тое, што і рамантызм.
рамапітэ́к
(ад інд. Rama = імя героя індыйскага эпасу + -пітэк)
выкапнёвая чалавекападобная малпа, якая лічыцца найбольш старажытным продкам чалавека.
рама́рыя
(н.-лац. ramaria)
базідыяльны грыб сям. рагацікавых, які расце ў лісцевых і мяшаных лясах на глебе, часам на гнілой драўніне; некаторыя віды ядомыя.
рамбо́ід
(гр. rhomboeides = ромбападобны)
тое, што і паралелаграм.
рамбо́эдр
(ад ромб + -эдр)
паралелепіпед, усе грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі.
рамбулье́
(фр. Rambouület = назва мясцовасці ў Францыі)
парода танкарунных авечак шэрсна-мяснога кірунку, выведзеная ў Францыі ў 18 ст.
рамбу́рс
(фр. rembourser = вяртаць затраты)
аплата купленага тавару, як правіла, праз пасрэдніцтва банка.
рамбурсава́ць
(фр. rembourser)
1) вяртаць даўгі, затраты;
2) аплачваць доўг праз трэцюю асобу.