Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разелі́нія

(н.-лац. rosellinia)

сумчаты грыб сям. разелініевых, які развіваецца пераважна на каранях дуба, яблыні, грушы і на адмерлай драўніне гэтых дрэў, узбуджальнік белай гнілі.

разенкрэ́йцэры

(ням. Rosenkreuzer, ад Rose = ружа + Kreuz = крыж)

члены тайнага рэлігійна-містычнага гуртка 17—18 ст. у Германіі, Галандыі і некаторых іншых краінах; іх эмблемай былі ружа і крыж.

разео́ла

(лац. roseola, ад roseus = ружавы)

чырвоная пляма на скуры чалавека, што з’яўляецца ў сувязі з парушэннем кровазвароту пры такіх інфекцыйных хваробах, як адзёр, тыф, воспа і інш.

разе́та

(фр. rosette)

1) тое, што і разетка ў 3 знач.;

2) тып аграньвання каштоўных камянёў, пры якім аснова каменя застаецца плоскай.

разе́тка

(фр. rosette)

1) сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур, якія служаць упрыгожаннем;

2) прыстасаванне з гнёздамі для ўключэння асвятляльных і награвальных прыбораў у. электрычную сетку;

3) элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры);

4) маленькі сподачак для варэння, мёду і інш.;

5) група лістоў, якія скучана размешчаны на вертыкальным парастку.

разі́тэс

(н.-лац. rhozites)

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых, які расце на імшыстых мясцінах у хвойных лясах; падбалацянка.

размары́н

(н.-лац. rosmarinus, ад лац. ros marinus = марская раса)

1) вечназялёная кустовая расліна сям. ясноткавых з лінейным лісцем і блакітнаватымі або белымі кветкамі, пашыраная ў Міжземнамор’і; дае эфірны алей; на Беларусі вырошчваецца як лекавая і дэкаратыўная;

2) зімовы сорт яблыні з пахучымі салодкімі пладамі, а таксама плод гэтай яблыні.

разы́нкі

(польск. rodzynki < ням. Rosinen, ад лац. racemus)

сушаныя ягады вінаграду.

райгра́с

(англ. rye grass = жытняя трава)

травяністая расліна сям. злакавых з вузкім лісцем і мяцёлкавым або коласападобным суквеццем, пашыраная на лугах; кармавая.

райкасфе́нія

(н.-лац. rhoicosphaenia)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. ахнантавых, якая пашырана пераважна ў саланаватых і марскіх водах.