Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́дыус

(лац. radius = спіца, прамень)

1) адрэзак прамой, які злучае які-н. пункт акружнасці або паверхні шара з цэнтрам, а таксама даўжыня гэтага адрэзка;

2) перан. велічыня ахопу, сфера дзеяння, распаўсюджання чаго-н.

ра́дыус-ве́ктар

(ад радыус + вектар)

1) вектар, накіраваны ў вызначаны пункт з пэўнага зададзенага раней пункта (полюса);

2) астр. адлегласць у дадзены момант ад Сонца да планеты, што рухаецца па сваёй арбіце.

радыяге́нны

(ад радые- + -генны)

звязаны сваім паходжаннем з распадам радыеактыўных рэчываў.

радыягра́ма

(ад радые- + -грама)

фатаграфічны здымак, атрыманы пры дапамозе радыяграфіі.

радыягра́фія

(ад радые- + -графія)

метад атрымання на фотаплёнцы адбітка прадмета, які прасвечваюць рэнтгенаўскімі, гама-прамянямі або іншым іанізуючым выпрамяненнем, а таксама сам адбітак.

радыя́ліі

(ад лац. radius = прамень)

палачкападобныя храсткі або костачкі, якія ўваходзяць у склад унутранага шкілета парных плаўнікоў некаторых рыб (напр. акул).

радыяло́гія

(ад радые- + -логія)

навука аб выкарыстанні іанізавальных выпрамяненняў для дыягностыкі і лячэння хвароб.

радыя́льны

(ад лац. radius = прамень)

1) размешчаны па радыусе;

2) які робіцца, адбываецца ў напрамку па радыусе.

радыяля́рыі

(н.-лац. radiolaria, ад лац. radiolus = праменьчык)

падклас прасцейшых класа саркодавых; планктонныя арганізмы, пашыраныя пераважна ў цёплых морах.

радыяме́трыя

(ад радые- + -метрыя)

1) раздзел фізікі, які вывучае спосабы вымярэння прамяністай энергіі;

2) сукупнасць метадаў выяўлення радыеактыўных выпрамяненняў.