Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эліксі́р

(фр. élixir, ад ар. al-iksir = філасофскі камень)

1) выцяжка з раслін ці моцны настой чаго-н. на спірце, які ўжываецца ў медыцыне і касметыцы (напр. зубны э.);

2) фантастычны напітак, які марна шукалі алхімікі як сродак, што нібыта зможа прадоўжыць чалавечае жыццё («э. жыцця»);

3) жарт. незвычайны, цудадзейны напітак.

элімінава́ць

(лац. eliminare = выганяць)

рабіць элімінацыю (напр. э. перашкоду, э. невядомы член з ураўнення).

эліміна́цыя

(лац. eliminatio = выдаленне)

1) выдаленне, ліквідацыя чаго-н.;

2) мат. выключэнне невядомага з сістэмы ўраўненняў;

3) гібель арганізмаў па розных прычынах.

элі́мус

(н.-лац. elymus)

травяністая расліна сям. злакавых з пляскатым або згорнутым лісцем і паніклым лінейным коласам, пашыраная ў нетрапічных зонах; пырэйнік.

элінва́р

[ад фр. él(asticité) invar(iable) = нязменная пругкасць]

сплаў на аснове нікелю, пругкасць якога пры змене тэмпературы амаль не мяняецца; выкарыстоўваецца для вырабу камертонаў, гадзіннікавых спружын, механічных вібратараў.

э́лінг

(гал. helling)

1) збудаванне на беразе са спецыяльным нахільным фундаментам (стапелем), дзе закладваецца і будуецца корпус судна;

2) памяшканне для дырыжабляў і аэрастатаў;

3) памяшканне на воднай станцыі для захоўвання спартыўных суднаў.

эліні́зм

(гр. hellinismos, ад Hellen = грэк)

1) эпоха росквіту змешанай грэка-ўсходняй культуры, якая наступіла пасля заваяванняў Аляксандрам Македонскім на Усходзе;

2) лінгв. слова ці словазлучэнне, запазычанае са старажытнагрэчаскай мовы.

эліо́ніка

[ад эл(ектрон) + іон]

раздзел электронікі, які вывучае з’явы, звязаныя з узаемадзеяннем электронных і іонных пучкоў з рэчывам і прымяненнем гэтых пучкоў у тэхналагічных працэсах вырабу электронных прыбораў.

эліпсо́граф

(ад эліпс + -граф)

інструмент для вычэрчвання эліпса.

эліпсо́ід

(ад эліпс + -оід)

мат. паверхня, якая ўтвараецца пры вярчэнні эліпса вакол адной з яго восей.