Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

біяге́ль

(ад бія- + лац. gelo = застываю)

студзінападобная або цвёрдая структураваная калоідная сістэма біялагічнага паходжання з вадкім дысперсійным асяроддзем; разнавіднасць геляў.

біягельмі́нты

(ад бія- + гельмінты)

паразітычныя чэрві, якія на стадыі лічынкі жывуць у жывёльным арганізме, а ў дарослым стане — у целе чалавека або другой жывёлы (параўн. геагельмінты).

біягенасфе́ра

(ад бія- + гр. genos = нараджэнне + сфера)

сфера ўзнікнення жыцця — абалонка на планетах, у межах якой ствараюцца ўмовы, спрыяльныя для развіцця вышэйшых формаў матэрыі.

біягене́з

(ад бія- + -генез)

1) утварэнне арганічных злучэнняў жывымі арганізмамі;

2) тэорыя ўзнікнення жыцця на Зямлі, паводле якой мяркуецца, што зародкі жывых істот былі занесены на Зямлю з іншых нябесных цел (параўн. абіягенез).

біягенеты́чны

(ад бія- + генетычны)

падпарадкаваны закону паўтарэння ў індывідуальным развіцці арганізма галоўных этапаў гістарычнага развіцця ўсяго роду продкаў (напр. б. закон).

біяге́нны

(ад бія- + -генны)

які стымулюе развіццё жывых арганізмаў (напр. б-ыя элементы).

біяге́рм

(ад бія- + гр. herma = падводная скала)

выступ марскога дна, утвораны рэшткамі вымерлых арганізмаў.

біягідрааку́стыка

(ад бія- + гідраакустыка)

раздзел біяакустыкі, які вывучае гукі, што ўтвараюцца воднымі арганізмамі.

біяглі́фы

(ад бія- + гр. glyphe = паглыбленне, ямка)

выкапнёвыя сляды жыццядзейнасці арганізмаў на паверхні або ўнутры асадачных парод.

біягра́ма

(ад бія- + -грама)

графічнае (дыяграмнае) адлюстраванне зменлівасці ў часе якой-н. біялагічнай сістэмы (асобіны, папуляцыі, віды, біяцэнозы).