Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Судо́сіць1 ’сустрэць’ (Ласт., Кольб., Сцяшк.; івац., ЛА, 2), судасі́ць ’спаткаць’ (Арх. Федар.), судасі́ці ’сустрэць’ (пруж., ЛА, 2), судосы́ты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ; кобр., Нар. лекс.), судосы́ты, судосэ́тэ ’тс’ (Сл. Брэс.), судаша́ць ’сустракаць’ (Ласт.), судоша́ты ’сустракаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), судоша́ці, судоша́ты ’тс’ (Сл. Брэс.). Бел.-укр. ізалекса: укр. дыял. судо́сити ’сустрэць’, судоща́ти ’сустракаць’; гл. Цыхун, Бел.-укр. ізал., 82. Прэфіксальны дэрыват (*су‑ < *sǫ‑) ад прасл. *dositi ’знайсці’, які ў ст.-слав. досити ’тс’, ст.-рус. досити ’знаходзіць’ (гл. ЭССЯ, 5, 82), звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *desiti: ст.-слав. десити ’знайсці, сустрэць’, балг. дыял. де́сим ’стаяць прама доўгі час’, серб.-харв. дѐсити ’сустрэць’ (гл. ЭССЯ, 4, 217–218); Махэк₂ (115) адносіць сюды ж і чэш. poděsiti ’знайсці, застаць’. Роднаснымі лічацца грэч. δέκομαι ’прыймаю’, лац. decet ’падыходзіць’, авест. dāšta ’той, які атрыманы’; гл. Бернекер, 1, 188; Скок, 1, 395; ЕСУМ, 5, 468; аднак Фасмер (1, 505–506) заўважае, што розніца ў значэннях пазаславянскіх адпаведнікаў выклікае цяжкасці. Сюды ж судошʼа́ймацця ’сустракацца’ (Клім.), з судашаць і мець.

Судо́сіць2 ’гудзіць; пляткарыць’ (Некр. і Байк.), прыводзіцца як адпаведнік рус. судачить (там жа). Няясна; магчыма, да судзіць (гл.) з экспрэсіўна?! суфіксацыяй.

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст. *som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Сужэ́нства ’праўная сувязь мужа і жонкі, шлюб’, сужо́нства ’тс’, сужо́н, сужане́ц ’муж’, сужані́ца ’жонка’, сужане́цкія пяро́звы ’паслявясельныя візіты маладых’ (дрыс., Ласт.), сюды ж сужэ́нька (sužéńka) ’заручаны дзяцюк’ (Варл.), ’суджаная’ (Касп.). Параўн. серб.-харв. су̏жањство ’няволя, палон, увязненне’, су̏жањ ’вязень, палоннік, раб’, харв. sùžnjica ’раб, рабыня; палонны’, славен. súženjstvo ’рабства, няволя’, sùženj ’раб, нявольнік’, sužnja ’рабыня, нявольніца’, ц.-слав. сѫжьнь ’палоннік’, сѫжьница ’палонніца’. Зыходная форма прасл. *sǫžьnь, першапачаткова ’той, хто звязаны’, што ад *sǫ‑ (гл. су-) або *sъ‑ і *ǫz‑ьnь, гл. вязень, вуза, вузкі (Скок, 3, 367; Глухак, 596; Сной₂, 712). На семантыку слова паўплывала збліжэнне з судзіць (гл. суджаны) і жаніць (гл.).

Су́здалі ’здалёк’ (Нас.). З су-, з‑ і наз. даль (гл.) у Р. скл.

Су́здаль ’высокі нязграбны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), су́здыль ’сухі, танклявы чалавек’ (Бяльк.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны дэрыват ад суздо́ліць < здо́лець (гл.); першапачаткова, верагодна, у іранічным ужыванні. Трубачоў (Труды 1, 304) лічыць выпадковым фармальнае супадзенне з назвай горада рус. Суздаль (для якой прапануецца этымон *суздаль ’глінабітнае або цаглянае збудаванне’, параўн. ст.-слав. създати ’збудаваць’) і мяркуе пра балтыйскае паходжанне з формы, блізкай да літ. sausuõlis ’сухое дрэва’, што таксама няпэўна. Не выключаю ўтварэнне на базе шырока вядомых на ўсходзе Беларус! назваў гандляроў-разносчыкаў суздала, суздальцы, што паходзілі ад назвы горада.

Суздо́ліць ’перамагчы, адолець’ (Нас., Гарэц., Юрч.), ’быць у сілах’ (Нас.). Гл. здолець.

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2-3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidki ’хуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Су́здрыць ’здагадацца, зразумець’, су́здрыцца ’падумацца’ (астрав., Сл. ПЗБ). З *сузрэць з устаўным ‑д‑; параўн. суздром.

Су́зік ’пылюшнік вузкалісты, Thalictrum angusfolium Jacq.’, су́зіц ’тс’ (Кіс.), укр. су́зик ’пылюшнік; дзікая пятрушка; піжма’, у́зик ’дзікая пятрушка’, рус. су́зик ’пылюшнік; піжма’. Няясна. Мажліва, ад вузкі, першапачаткова адносілася да пылюшніка вузкалістага (ЕСУМ, 5, 469).

Су́зма ’нахабна’: сузма лізуть у вочы (камары) (пін., ЖНС). Няясна; магчыма, перасэнсаваны як прыслоўе на ‑ма, параўн. бегма (ад бегчы), роўма (ад раўсці), назоўнік сы́зма (гл.): як сызма лезе ў вочы, г. зн. сляпіцай (лід., Сл. ПЗБ), верагодна, праз стадыю сы́змаю (лезе ў вочы).