Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суча́сны ’адпаведны свайму часу; цяперашні’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Параўн. укр. суча́сний, рус. совреме́нный, чэш. současný, славац. súčasný, славен. sodoben, серб.-харв. савремен, балг. съвре́мен, макед. современ ’тс’. Еўрапейская калька на базе лац. synchronus або грэч. σύγχρονος (Фасмер, 3, 706; ESSJ SG, 1, 241), гл. су- і час.

Су́чка1 ’самка сабакі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Касп., Бяльк., Варл., ТС, Сцяшк.), ’лаянкавае слова на жанчыну (што ілжэ або распускае плёткі)’ (Нас., Сл. ПЗБ). Памянш. да сука1, гл.

Су́чка2 ’малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвенняў; падсанкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Маслен., Арх. Вяр.; лях., Янк. Мат.), су́чка, су́чкі ’тс’ (беласт., дзятл., барыс., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’лаўка, зэдлік’ (Касп.), су́чка ’задняя частка ў санях’ (Арх. Вяр.). Да семантыкі параўн. каза2 ’тс’ (гл.). Польск. дыял. suka, suczka ’заднія санкі’, suki ’сані на двух парах палазоў’. Пэўнай версіі няма. Сцяцко (Афікс. наз., 169) лічыў, што слова ўзыходзіць да сучка1 (“…яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі”). Лабко (Бел.-польск. ізал., 73–75) дапускае калькаванне ням. Hund ’сабака’ і ’ваганетка ў шахце’ ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне ням. Zug (гл. цуг), якое мае таксама шэраг тэрміналагічных значэнняў, блізкіх да разглядаемых. Меркаванні пра ролю чэшскай мовы ў фармальнай і семантычнай адаптацыі ням. Zug гл. Комаркава, Studia Etym. Brun. 6, 372–373. Гл. наступнае слова.

Сучка3 ’дошчачка з дзірачкамі для накручвання навоя ў кроснах’ (Бяльк., Уладз.), ’кій або клін для ўтрымання задняга або пярэдняга навоя’ (пін., Клім., ЛА, 4; Уладз.), ’планка, што круціць кола ў калаўроце’ (Варл.), ’понаж у калаўроце’ (Бяльк.), ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ’верхняя частка калаўрота, дзе наматваецца шпулька’ (Сцяшк. Сл.), ’лапатачка, якая накладаецца на вось у калоўроце, а другім канцом прымацавана да падножкі’: сучка кола рухае ў калаўротку (лід., паст., пух., лудз., Сл. ПЗБ; рас., свісл., кам., Шатал.), су́чачка ’дэталь у калаўроце’ (паст., Сл. ПЗБ), ’калодачка для млёна ў верхнім камені жорнаў’ (паст., ЛА, 4). Параўн. укр. су́чка ’дэталь ткацкага стану’, польск. ’планка ў калаўроце, што злучае кольбу з падножкай’, ’шнурок у калаўроце’, ’рычажок, што злучае кола калаўрота з падножкай’ (Фалінская, Sl. tkac., 1, 292), ’драўляны клінок, што заходзіць у зубцы навоя і стрымлівае яго рух’ (Варш. сл.). Няясна; аднак агульнае значэнне ’злучаць, звязваць, скручваць’ схіляе да думкі пра паходжанне большасці з названых дэталяў ад сучы́ць, сука́ць (гл.), параўн. су́чка ’суканне’ (Нас.), асабліва су́чка ’палка з вяровачнай пятлёй, пры дапамозе якой скручвалі, “вілі”, клібу’ (Інстр. II), сучо́к ’вузлік’, укр. сучо́к ’ручка сукала’. Да такой жа думкі прыходзіць Лабко (Бел.-польск. ізал., 75), прыводзячы ў якасці зыходных для польскіх слоў дыялектны дзеяслоў sucić, варыянты sucyć, suczyć ’падыходзіць, належаць, прылягаць’, што звязваецца з сука́цца ’прыставаць, вязацца’ (гл.). Сувязь з сучка2 спрыяла замацаванню значэння ’стрымліваць, затрымліваць’, у тым ліку ў польск. suka, suczka ’дэталь у жорнах’, ’частка ткацкага стану’, ’задняя частка саней, што складаецца з дзвюх палавінак’, на думку Борыся (586), метафарычных утварэнняў ад suka ’самка сабакі’ (гл. сука1, сучка1), параўн. другасныя ўтварэнні саба́ка ’клін для ўтрымання пярэдняга навоя’ (навагр., ЛА, 4), лісі́ца ’планка ў калаўроце, што круціць кола’ (Варл.), балг. дыял. ку́чка ’сука’ і ’частка сукала’, ’дэталь ткацкага стана’, ’прыстасаванне для ўтрымання абручоў пры вырабе бочак’ і падобныя “звярыныя” метафары (ВЕР, 3, 171). Пераход да су́чка2 дэманструе су́чка ’крывая жэрдка, прымацаваная да падсанак для кіравання імі’ (зах.-палес., Старычонак, БЛ, 13, 34) і польск. sukę paść ’кіраваць жэрдкай, прымацаванай да задняй часткі саней ці разведзенага воза, каб на паваротах не з’ехаць з дарогі’, suka ’драўляная плашка з выемкай, куды ўваходзіць кола пры тармажэнні воза’ (Варш. сл.), балг. дыял. ку́чка ’прыстасаванне ў выглядзе санак, якое падстаўляецца пад адно з пярэдніх колаў нагружанага воза пры крутым спуску’ (відаць, прывязанае да воза), ’санкі для катання з горак’, тэрміналагічныя калькі на базе метафары, крыніцы паходжання якой застаюцца няяснымі.

Су́чка4 ’буёк, паплавок’ (Ян.). Параўн. рус. дыял. су́ка і сука́ ’буй, якарны паплавок’ і ’вяроўка ад паплаўка да якара’. Відаць, да папярэдняга, гл.

Су́чкі1. Гл. су́чка2.

Су́чкі2 ’калючкі’ (Барад.), ’сабачкі, расліна Bidens L.’ (Некр. і Байк., Бяльк.), ’ваўчкі, Bidens tripartita L.’ (Касп., ЛА, 1), ’расліна ваўчкі або адвар з іх’ (круп., Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., Шатал.), ’дзядкі, Agrimonia eupatoria L.’ (Кіс.). Да сучка1; параўн. ваўчкі, гл.

Сучо́к1 ’маленькі сук’ (Сцяшк.), ’тонкая галінка’ (ЛА, 1), ’дзірка ў дошцы, з якой выпаў сучок’ (Сержп. Прымхі). Да сук1, гл.

Сучо́к2 ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузлік’ (Сл. Брэс.). Да сук2, гл.

Су́чча вы́мя ’павялічаныя залозы пад пахай’ (чавус., Нар. медыцына), ’павялічаныя грудкі ў нованароджаных’ (там жа), су́ччае вымя (сучее выме) ’павелічэнне залоз пад пахай, пераходзячае ў скулу’ (Нас.), сучы́нае вы́мя ’нарыў пад пахай’ (ТСБМ), сучаі́м’е, сухаі́мʼе ’гідрадэніт, запаленне залоз пад пахай’ (шчуч., люб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. палес. су́че ви́мйе ’нарыў пад пахай’, рус. су́чье вы́мя ’тс’. Варыянтнасць абодвух элементаў словазлучэння, параўн. укр. палес. собаче вымйе, суча цицька, рус. дыял. собачье вымя, сучья ти́тька, таксама тыпалагічныя паралелі тур. köpekmemesi ’нарыў пад пахай’, тат. эт имчэге ’тс’ (“сучча вымя”) сведчаць, паводле Беразовіч (Язык и трад. культура, 514), пра вобразны характар намінацыі хвароб, дадатковым матывуючым прызнакам пры ўтварэнні якіх з’яўляюцца негатыўныя канатацыі, звязаныя з вобразам сабакі. У беларускай мове звычайна характэрныя для ўтварэння назваў раслін (гл. сабачы). Крыніцы паходжання няясныя (першасная метафара?).

Сучы́ць ’сукаць, скручваць у дзве столкі’ (Бяльк., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.; мёрск., Ск. нар. мовы; ГЧ, Сцяшк. Сл.), ’навіваць ніткі на цэўку пры дапамозе сукала’ (Сл. ПЗБ, ТС; докш., Янк. Мат.), ’круціць (калаўрот)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж су́чыцца ’бурліць (пра ваду)’ (віц., бялын., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. сучи́ти ’сукаць’, рус. сучи́ть ’тс’, польск. дыял. suczyć, sucyć ’падыходзіць, прылягаць’, в.-луж. sučić ’сукаць, звязваць, круціць’, балг. су́ча ’сукаць, намотваць’, дыял. су́чем ’раскатваць цеста’, ’сукаць ніткі’, макед. суче ’сукаць, скручваць, закручваць’, ’раскатваць цеста’. Прасл. *sučiti, звязана з чаргаваннем асновы з *sъkati, *sukati, гл. сукаць.

Суш ’сухое без дажджоў надвор’е, засушлівы час, засуха’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’што-небудзь пазбаўленае вільгаці, сухое (галінкі, паверхня зямлі)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’сухая вашчына (пчаліныя рамкі з сотамі без мёду)’ (ТС; івац., жытк., Нар. сл., Скарбы, Сцяшк.), ’вашчына’ (брасл., шуміл., Сл. ПЗБ), сушь ’тс’ (Сл. Брэс., Анох.). Рус. сушь ’сухое надвор’е, засуха’, польск. susz, в.-луж., н.-луж. suš ’суш’, чэш. souš ’суша’, славац. súš ’суш’, славен. sȗš ’суша’. Прасл. *suxь, да сухі (гл.), што мае дакладны адпаведнік у літ. sausis ’сухая пара’ (Аткупшчыкоў, Этимология–1984, 193), параўн. літ. saũsis ’студзень’.

Су́ша ’зямля ў процілегласць воднай прасторы’, ’сухое надвор’е, засуха’ (ТСБМ, ТС), ’сухое надвор’е, засуха’ (Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Гарэц., Янк. 3., Пятк. 2, Сцяшк.), ’сухое месца’ (Сл. ПЗБ), ’цвёрдая зямля, мацярык’ (Ласт.). Укр. су́ша, рус. су́ша, ц.-слав. суша, польск. susza, чэш. souše, серб.-харв. су̑ша ’суш’, славен. súša ’тс’, балг. су́ша ’суша, засуха’, макед. суша ’тс’. Прасл. *suša (< *suxja) утворана ад *suchъ, сухі (гл.) пры дапамозе суф. ‑ja, што ўтварае адпрыметнікавыя абстрактныя назоўнікі, якія могуць набываць канкрэтнае значэнне, гл. Борысь, Etymologie, 544; Фасмер, 3, 814.

Сушані́ца ’расліна Gnaphalium silvaticum L.’ (Сцяшк., Кіс.), сушні́ца ’тс’ (Кіс.), укр. дыял. суше́ница ’тс’, рус. сушени́ца ’тс’. Да сухі (гл.), параўн.: насушы́ла сушаніц на лякарства (Сцяшк.) і ўкр. сухоцвіт ’тс’.

Сушке́ (suszkiè) мн. л. ’хмызняк, кусты’ (Тур.). Няясна; магчыма, гукапераймальнага паходжання, параўн. шу́шкаць ’шалясцець, шамацець’, макед. шушек ’апалае лісце’ і пад., з распадабненнем зычных або вытворнае ад сухі (гл.), параўн. су́шка ’засохлае на корані дрэва’ (ЛА, 1).