Абле́так, аблетнік ’дрэвы, нарыхтаваныя к зіме, якія сохлі ўсё лета’ (Шат., Янк. III), аблет ’пералетаваны ў кастры (штабелі) лес’ (Бяльк.) да аб лета ’ўсё лета’. Параўн. «пайшлі дзевачкі ў аблет» (на працягу ўсяго года не выйдуць замуж) (Рам.).
Аблі́ва ’вадкасць з крахмалам, якой абліваюць ніткі для кроснаў’ (КСТ) да ліць.
Аблі́чча ’аблічча, твар, воблік’ да прасл. ob‑lik‑ije, гл. лік. Бел. аблічча, укр. обличча маюць генетычна тоесныя адпаведнікі ў серб.-харв. о̀блічје ’знешні від’, славен. obličje ’аблічча’, што сведчыць аб праславянскім характары слова.
Абло́г 1, аблога ’неапрацаваная зямля, поле, якое не ўзорваецца некалькі год’, аблогаваць ’зарастаць дзірваном’ (Нас.), аблогам ляжаць ’хварэць’ (КЭС) < ob‑logъ, гл. лог, легчы, ляжаць. Рэканструкцыя на падставе ўкр. обліг, польск. obłóg, славац. obľah. Арэал недастатковы для праславянскай рэканструкцыі. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 43.
Абло́г 2, аблу͡ог ’пчолы перад раеннем’ (Сержп.) да аблажыць.
Абло́й ’шэрань, іней, намаразь’ (Касп.) ад аб‑ліць. Параўн. абліваха ’галалёдзіца, дождж пры тэмпературы замярзання вады, слота’ (БРС, Шат., Янк. I, КЭС).
Абло́нь, аблона, аблонне ’роўнае поле, роўная лугавая прастора’ (БРС, Нас., Бяльк., Гарэц., КТС), польск. błoń, błonia, błonie. Паланізм? Параўн. абалонь, абалона, гл., аднак, лано, улонне. Магчыма, тут наглядаецца кантамінацыя пералічаных слоў. Параўн. блонне.
Аблу́біца, облубица ’простыя сані’ (Шпіл.) да луб (гл.).
Аблу́да 1 ’зман, памылка’ (БРС, Яруш., КТС), аблудны (КТС), польск. obłuda (да łudzić ’падманваць’).
Аблу́да 2 ’бадзяга’ (драгіч., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.) да блудзіць (гл.).
Аблу́к ’суцэльны ліпавы лубок для скрыні і сценак у сялянскіх калёсах, кладзецца таксама і ў сані’ (Шат.), рус. облук край калёсаў, саней’, славац. obluk ’тс’, чэш. oblouk, польск. obłąk, славен. oblok ’дуга’, серб.-харв. о̀блук, балг. облък ’лука’, да ob‑lǫkъ, гл. лук, лука. Фасмер, 3, 103; Махэк₂, 405–406.
Аблуне́ць ’зрабіцца мляўкім, непаваротлівым’ (КЭС, лаг.). Мабыць, да лунець (гл.).