Лог ’шырокі, доўгі яр з адхоннымі схіламі’ (ТСБМ), ’даліна, нізіна, лагчына’ (Гарэц., Касп., Яруш., Сцяшк.; саліг., КЭС; віл., барыс., раг., Сл. ПЗБ), ’гразкая частка дарогі праз луг’ (Мат. Бых.), ’сенажаць, нізіна’ (ТС), ’вузкі кавалак сенажаці паміж палеткамі’ (КЭС, лаг.), ’лагчына з хмызняком’ (Ян.), навагр. ’раздолле’ (КЭС). З аналагічнымі значэннямі — у рус. і ст.-рус. мовах. Укр. лог, ліг ’логавішча’, серб.-харв. ло̑г ’тс’, ’ляжанне’, балг. лог ’прынада’. Прасл. logъ < ležati (Слаўскі, 5, 256–257; Фасмер, 2, 509). Параўн. бел. навагр., слонім. логмалёгма) ляжаць (Нар. сл., Нар. словатв.), палес. логом лежаць ’нерухома, не маючы сіл падняцца’, логоваць ’ляжаць аблогам’ (ТС), серб.-харв. лежи логом ’ляжыць нерухома’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-нарв. log ’месца ляжання’, гальск. logan ’магіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)