Абало́нь ’лугавое ўзбярэжжа ракі, якое заліваецца ў разводдзе’ (Янк. I), абалонне ’тс’ (Касп., КТС), абалона ’тс’ (КТС). У тых жа значэннях рус. болонь, укр. болоння, чэш. blána, польск. błonie, błoń. Параўн. бель ’балота’ (светлы вір?). Фартунатаў (AfslPh, 4, 579) звязвае з іншасуфіксальнымі рус. болото, літ. báltas ’белы’ і г. д. Больш пераканаўчым было б супастаўленне прасл. *bolnь з яго фанетычным дублетам *polnь (< прасл. pole), гл. палон. (Талстой, Геогр., 74–79). Варыянты *bolnь і *polnь знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (*bolnь — на большасці паўночнаславянскай тэрыторыі, *polnь — паўднёваславянскай, што сведчыць у карысць архаічнасці *polnь). Параўн. абалонка 1, а таксама ад (гл.). Параўн. балона 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)