Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сумне́ў ’сумненне’ (Ласт., Янк. 3.; Беларусіка, 19, 230; PC, 1999, 2, 83), сумні́ў ’сумненне, нерашучасць’ (Сцяшк. Сл.; PC, 1999, 2, 83). Аддзеяслоўны назоўнік з нулявым канчаткам ад сумнявацца, гл. Формы з ‑і‑, а таксама сумніўны лічацца ўкраінізмамі (Станкевіч, Язык, 597), аднак гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія, гл. Пацюпа (там жа, 1151); магчыма, пад уплывам сумліў, сумліўны, гл. сумлеў.

Су́мнік ’залатацень, залатая розга, Solidago virgaurea L.’ (маг., мін., Кіс.). Параўн. укр., сму́тник ’вятроўнік, Filipendula hexapetala Gilib.’. Няясна; магчыма, з-за падабенства з вятроўнікам мае тую ж матывацыю, звязаную з даўнімі забабоннымі ўяўленнямі ці практыкамі — вытворнае ад сумнысум, гл.), аналагічна да ўкраінскай назвы (гл. смутак), што ўключаецца ў семантычны рад назваў раслін з падобнай матывацыяй: польск. старое tużobnik, чэш. tužebník славац. túžobník, балг. тъ́жник (гл. туга). Параўн. Махэк, Jména, 101; ЕСУМ, 5, 332. Менш верагодна ад сумна2 ’надта многа’ (гл.), што магло быць звязана са шматлікасцю кветак (“буйная расліна з мяцёлкай жоўтых суквеццяў”, гл. Расл. св., 168) або іх шматпялёсткавасцю.

Сумнява́цца ’адчуваць няўпэўненасць, быць няпэўным, вагацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., БРС, Касп.), сумнева́цца ’тс’ (Цых.). Укр. сумніва́тися, рус. сомнева́ться, дыял. сумнева́ться, серб.-харв. су́мњати ’сумнявацца, падазраваць’, балг. съмня́вам се ’сумнявацца’. Ітэратыў да прасл. *sǫmьněti (гл. сум, сумненне) з суф. ‑eva‑.

*Сумовіны, сумо́вынэ ’змовіны’ (драг., ЖНС). Гл. змовіны.

Сумо́даць ’сумець, змагчы’ (дзярж., Нар. сл.), ’здолець, ухітрыцца’ (Кал.), сумо́наць (< *сумоднаць?) ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, прэфіксальны (з су-) дэрыват ад мадзець (гл.) з пераходам дзеяслова ў катэгорыю форм на ‑аць. Дзеяслоў сумо́наць Цыхун (Зб. Мальдзісу, 402) суадносіць з літ. sumanýti ’задумаць, узяцца за справу’, што таксама сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі. Параўн. яшчэ намо́наць (гл.).

Сумо́ўе ’зносіны, камунікацыя’. Наватвор (прыпісваецца А. Бембелю) для перадачы рус. общениец.-слав.), параўн. лу́чнасць ’тс’ (Ласт.). З су- і асновы моў‑ (гл. мова) з фіналлю, аформленай паводле рускага адпаведніка (суф. *‑ьje); у выніку дээтымалагізацыі можа ўспрымацца як дэрыват ад сумаваць, сум (гл.). Параўн. народнае сумовіны, гл.

Су́мрак ’падазрэнне, дрэннае прадчуванне?’: так па душы і пашоў сумрак — пачуяла ворага (Пятк. 2), сумро́к ’змрок’ (пух., З нар. сл.). Гл. сумарак, сумарок; магчыма, формы з сінкопай (пропускам галоснага а перад р) ці пад уплывам змрок, гл.

Суму́д ’гермафрадыт’ (Ласт.). Відаць, да муды (гл.), параўн. сінонім абаму́д ’тс’ (Ласт.) з няяснай першай часткай, што адпавядае су- са значэннем сумеснасці (тады аба‑ з абодва, абое?).

Сумы́ль ’маўклівы чалавек’ (Мат. Гом.). Магчыма, утварэнне, аналагічнае соўмэла (гл. саўміла) з заменай оў > у, параўн. соўнуць/сунуць, і фіналлю, як у мармы́ль ’негаваркі чалавек’ (Сл. ПЗБ), параўн. соўмак ’тс’ (гл. соўма).

Сумы́сля ’з намерам, знарок, наўмысна’ (ТСБМ, Бяльк.; барыс., Сл. ПЗБ; Касп., Варл., Ян.), сумы́слі, су́мыслу, сумы́слу ’тс’ (Нас.), сюды ж сумы́сна ’тс’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), ’з добрым намерам’ (Нас.). Гл. наўмысля; параўн. асучасненую форму зумы́сля (zumúśla) ’з намерам, свядома’ (Варл.). Шуба (Прыслоўе, 112) мяркуе пра дэфармацыю суфікса-канчатка ў сумы́сля (сумысле) замест сумысла (сумыслу). Гл. мысліць, гл.