Муды́ (мн. л.) ’машонка’ (астрав.), ’мужчынскія палавыя органы’ (мядз., Сл. ПЗБ), укр. мудо, рус. муде́, мудо́, му́ди, польск. mąda, mądzie, н.-, в.-луж. mud, палаб. mǫda, чэш. moud, moudí, мар. mudy, славац. muď, mudie, славен. módo, móda, рэзьянск. múda, серб.-харв. му́до, му́да, макед. маде, балг. мъдо́, ц.-слав. мѫдо, мѫдѣ. Прасл. mǫdo, і.-е. адпаведнікі якога дакладна не вызначаны. Фасмер (2, 669) лічыць няпэўным варыянт з насавым да ст.-грэч. μέδεα, μήδεα, μέζεα ’сараматныя часткі цела’, якія з *med‑do, да с.-ірл. mess (< med‑tu) ’жолуд’, блізкімі да лац. madēre ’сачыцца, быць мокрым’, ст.-грэч. μαδάω ’расцякацца, выпадаць’, а таксама адвяргае дапушчэнні Уленбека (211), Мацэнаўэра (LF, 11, 173–174). Петэрсан (RS, 8, 30) выводзіць *mun‑do з *meu‑/*mou‑ ’нешта набрынялае’. Скок (2, 476) дапускае роднаснасць прасл. mǫdo з дарымскім альпійскім словам mandius, якое ў рум. мове дало mînz ’жарабя’, італ. manzo, алб. mëzat ’бычок’, ням. (без суфікса ‑i̯o) Mann. Найбольш імаверным з’яўляецца суаднясенне прасл. лексемы з лац. mentula ’membrum virile’ (Махэк₂, 376), а таксама з лац. muttō, mūtō ’тс’, у якіх ‑tt‑ > ‑unt‑ > ‑ǫt‑. Трубачоў (История терм., 43) выводзіць прасл. mǫ‑do, ст.-слав. мѫдо з і.-е. *măn ’мужчына, муж’, Лурыя (SsiCL, 11, 1960, 553–560) збліжае mǫdo і mǫdrъ.