Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДРЭ́ЕЎ-БУРЛА́К

(сапр. Андрэеў) Васіль Мікалаевіч (1.1.1843, г. Ульянаўск — 10.5.1888),

рускі акцёр. Вучыўся ў Казанскім ун-це. У т-ры з 1868. Ад камедыйнага акцёра, схільнага да імправізацыі і фарсавых прыёмаў ігры, эвалюцыяніраваў да рэалізму. У распрацоўцы тэмы «маленькага чалавека» спалучаў характарнасць з глыбокім псіхалагізмам. Сярод роляў: Шчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў першага прыватнага т-ра ў Маскве (т.зв. Пушкінскі т-р, 1880). Стварыў (разам з М.Пісаравым) «Першае таварыства рускіх акцёраў» (1883). Майстар маст. чытання.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й

(Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),

рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й

(свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.У.Языковіч.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́ЙКА

(Andreiko) Андрыс Георгіевіч (17.10.1942, Рыга — 10.3.1976),

латвійскі спартсмен (міжнар. шашкі). Міжнар. гросмайстар. Чэмпіён свету (1968—72), уладальнік Кубка свету (1966). Чэмпіён Еўропы (1974), чэмпіён СССР (1961, 1965—66, 1968, 1970—72, 1975). Пераможца міжнар. турніраў (1962—67, 1969, 1973).

т. 1, с. 361

АНДРЭ́ЙЧЫКІ,

вёска ў Беларусі, у Раснянскім с/с Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПдУ ад Сянна, 80 км ад Віцебска, 2,5 км ад чыг. раз’езда. 295 ж., 135 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ,

Андрэй Полацкі (1325—99), князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял. кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.І.Ермаловіч.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й БАБО́ЛЯ

(1591—16.5.1657),

бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ

(каля 1112 — 29.6.1174),

князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й ПО́ЛАЦКІ,

гл. Андрэй Альгердавіч.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Й УЛАДЗІ́МІРАВІЧ

(каля 1390—1457?),

князь, адзін з найбуйнейшых праваслаўных магнатаў ВКЛ. Сын кіеўскага кн. Уладзіміра з роду Альгердавічаў, брат Алелькі (Аляксандра, гл. ў арт. Алелькавічы) і Івана Бельскага (гл. ў арт. Бельскія). У адрозненне ад братоў удзельнага княства не атрымаў, але займаў высокае становішча ў ВКЛ, уваходзіў у велікакняжацкую раду. Уладальнік маёнткаў Лагойск, Гайна і Камянец (Менскі пав.), Славенск (Ашмянскі пав.), Палонна і Лемніца (Віцебская зямля) і інш.

В.Л.Насевіч.

т. 1, с. 361