БЕ́ЛЬТЫНГ
(ад англ. belting прывадны пас),
шчыльная і трывалая тэхнічная тканіна з кручанай баваўнянай пражы. Вырабляецца палатняным перапляценнем; больш трывалыя гатункі бельтынгу — з дабаўленнем хім. валокнаў. Ідзе на выраб канвеерных стужак і прагумаваных шматслойных прывадных пасаў.
т. 3, с. 93
БЕЛЬТ ВЯЛІ́КІ
(дацкае Store Baelt),
цэнтральны праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Лолан і Зеландыя на У і Лангелан і Фюн на З. Даўж. каля 120 км, найменшая шыр. 10 км, глыб. на фарватэры 12 м. У суровую зіму замярзае. Чыг. паром паміж гарадамі Нюбарг (в-аў Фюн) і Корсёр (в-аў Зеландыя).
т. 3, с. 93
БЕЛЬТ МАЛЫ́
(дацкае Lille Baelt),
заходні праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Фюн і Эрэ на У, в-вам Альс і п-вам Ютландыя на З. Даўж. каля 130 км, найменшая шыр. 0,6 км. Глыб. на фарватэры 10 м. У суровыя зімы замярзае. Праз Бельт малы пабудаваны чыг. (на магістралі Гамбург—Капенгаген—Стакгольм) і 2 аўтамаб. масты.
т. 3, с. 93
БЕЛЬЦЮКО́ВА Ангеліна Пятроўна
(н. 10.12.1924, г. Кіраў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1949). Выкладала ў Львоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, у 1964—79 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне маст. афармлення тканін, распрацоўвае эскізы дэкар. і манум. габеленаў. Сярод работ: ворсавы дыван «Скалярыі» (1967), габелены «Спадчына» (1979) і «Айчына», габелен-заслона для тэатра муз. камедыі Беларусі (абодва 1980, усе з А.М.Кішчанкам); «Ружы» (1987), «Світанне» (1988), «Летні дзень» (1989), трыптых «Абпаленая Белая Русь» (1993) і інш.
т. 3, с. 93
БЕЛЬЦЮКО́Ў Сяргей Пятровіч
(н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг. муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 93
БЕ́ЛЬЧЫК,
кубельчык, бандарны выраб у беларусаў, пасудзіна на 3—4 л для дастаўкі стравы ў «рабочы вугал» — на жніво, сенажаць і інш. Меў форму невял. кадачкі з накрыўкай, што заціскалася паміж вушак папярэчынай і прыстасаванай да яе гнутай ручкай.
т. 3, с. 93
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 3, с. 93
БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,
рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.
т. 3, с. 94
БЕЛЬЭТА́Ж
(ад франц. bel прыгожы + étage паверх),
1) у тэатр. будынках 1-ы ярус балконаў глядзельнай залы над бенуарам і амфітэатрам (ці партэрам і амфітэатрам).
2) Другі паверх дома, пераважна палаца, асабняка. У бельэтажы размяшчаюцца парадныя залы і пакоі, якія вылучаюцца большай вышынёй, якасцю аддзелкі. У сучаснай архітэктуры жылых дамоў тэрмін «бельэтаж» амаль не выкарыстоўваецца.
т. 3, с. 94
БЕЛЯЖЭ́НКА
(Беліжэнка) Барыс Паўлавіч (н. 5.6.1937, в. Промыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, журналіст. Скончыў БДУ (1965) і Мінскую ВПШ (1970). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце. Друкуецца з 1958. Выдаў зб-кі вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). Асн. тэмы твораў — любоў да роднага краю, праблемы грамадскага жыцця сучаснікаў, мужнасць нар. мсціўцаў у Вял. Айч. вайну. Аўтар аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі» (1988), вянка санетаў «Вышыня» (1974), паэмы «Свята пумы» (1977), гумарэсак, песень, тэксту кантаты «Памяць роднага горада» (1974, муз. Я.Касалапава) і інш.
т. 3, с. 94