БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)