БЕЛЬЦЮКО́Ў Сяргей Пятровіч
(н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг. муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)