Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРЧАВА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў паступлення, ператраўлівання, усмоктвання і засваення арганізмам харч. рэчываў; састаўная ч. абмену рэчываў. Атрыманыя хім. злучэнні ўжываюцца арганізмам для росту, жыццядзейнасці і ўзнаўлення.

Х. жывёл. Усе жывёлы (а таксама грыбы і большасць бактэрый) гетэратрофы і ў сваім Х. прама або ўскосна залежаць ад арган. рэчыва, што ўтвараецца аўтатрофамі. Патрэбнасць у ежы вызначаецца энергет. затратамі арганізма, якія залежаць ад розных фактараў навакольнага асяроддзя (напр., т-ра, біял. рытмы), памераў цела, стадыі развіцця ці ўзросту, наяўнасці харч. канкурэнтаў і інш. Павелічэнне памераў арганізма вядзе да адноснага паніжэння агульнага абмену рэчываў і колькасці корму, што ўжываецца, на адзінку масы арганізма. Напр., сутачная патрэбнасць у ежы, выражаная ў працэнтах ад масы цела спажыўца, складае 20% для мышы-палёўкі і 1% для слана. У прыродных умовах адбываецца частае чаргаванне залішняга Х. (гіперфагія) і галадання. Многія жывёлы здольны ўжываць значна большую колькасць ежы, чым неабходна для папаўнення энергазатрат. Лішкі назапашваюцца ў выглядзе тлушчу, які траціцца ў неспрыяльныя перыяды ці для выкормлівання дзіцянят. У залежнасці ад віду ежы, што ўжываецца. адрозніваюць фітафагаў (расліннаедныя), заафагаў (драпежныя) і сапрафагаў (дэтрытафагі, капрафагі, некрафагі). Мноства кармоў спрыяе вузкай спецыялізацыі Х. — стэнафагія (алігафагі і манафагі). У зонах з няўстойлівай кармавой базай пераважаюць віды, што харчуюцца разнастайнай ежай, — паліфагі або эўрыфагі (крайняя ступень усёеднасці). Будова органаў захопу і здрабнення ежы, асаблівасці функцыянавання стрававальнага апарату ў большасці выпадкаў строга прыстасаваны да спосабу Х. і характару даступнай ежы. З характарам Х. звязана таксама спецыфічная рэфлекторная дзейнасць (напр., назапашванне корму некат. грызунамі, ссальны рэфлекс у млекакормячых). У працэсе індывід. развіцця на аснове безумоўных рэфлексаў фарміруюцца шматлікія харч. ўмоўныя рэфлексы. Харч. адносіны, што складваюцца паміж відамі з розным тыпам Х. (фітафагія, драпежніцтва, сапрафагія), утвараюць трафічныя ланцугі, якія вызначаюць структуру згуртаванняў, рэгулююць колькасць арганізмаў, уплываюць на асаблівасці іх размнажэння, рассялення і інш.

Х. чалавека ў значнай меры вызначае яго здароўе, працаздольнасць і працягласць жыцця. Сутачная патрэбнасць у калорыях і асн. харч. рэчывах залежыць ад узросту, полу, фіз. нагрузкі і ў сярэднім складае 2500—3000 ккал. Рацыянальнае Х. вызначаецца правільнымі суадносінамі кампанентаў ежы, што аптымальна забяспечваюць патрэбнасць арганізма ў пластычных і энергет. рэчывах: суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў павінны быць 1:1:4. Рацыён Х. ўключае бялкі, што забяспечваюць 15% сутачнай каларыйнасці (з іх палавіна жывёльнага паходжання), тлушчы — 30% (да 80% жывёльнага паходжання), вугляводы — 55%. У норме рацыён Х. ўключае мяса, рыбу, малочныя прадукты (асн. крыніцы бялкоў і тлушчаў), агародніну і фрукты (асн. крыніцы вугляводаў, мінер. рэчываў і вітамінаў). Непаўнацэннае, неадэкватнае Х. прыводзіць да парушэння функцый асобных органаў і сістэм, знясільвання арганізма, паніжэння супраціўляльнасці да хвароб. Недастатковасць Х. ў дзіцячым узросце суправаджаецца затрымкай росту, фіз. і псіхічнага развіцця. Залішняе Х. — прычына парушэння абмену рэчываў, развіцця атлусцення і інш. паталаг. станаў. Гл. таксама Лячэбнае харчаванне, Страваванне.

Х. раслін. Зялёныя расліны — аўтатрофы. Пажыўныя рэчывы, неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў, расліны звычайна паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей (гл. Мінеральнае жыўленне раслін). Прасторавае раздзяленне 2 пажыўных асяроддзяў, у якіх знаходзяцца расліны (паветра — глеба), прывяло да развіцця 2 органаў жыўлення: кораня, прыстасаванага да паглынання солей і вады з глебы, і ліста, прыстасаванага да паглынання вуглякіслага газу з паветра. Сцябло механічна і функцыянальна звязвае іх. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводных пучкоў, што складаюцца з сітападобных трубак лубу (флаэмы), па якіх ідзе зыходны транспарт прадуктаў фотасінтэзу (пераважна цукрозы) з ліста ў корань, і сасудаў ксілемы, па якіх вада і іоны пажыўных солей падымаюцца з кораня ў ліст. Першаснае ўключэнне вуглякіслага газу ў арган. злучэнні адбываецца пераважна ў лісці, вады і солей — ва ўсіх органах раслін. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатковыя арган. рэчывы (пераважна азоцістыя) шляхам лоўлі і ператраўлівання насякомых.

Літ.:

Бузник И.М. Энергетический обмен и питание. М., 1978;

Культура питания: Энцикл. справ. 3 изд. Мн., 1993;

Руководство по диетологии. СПб., 2001.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 16, с. 553

ХА́РЧАНКА Аляксандр Карнеевіч (5.12.1918, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 12.8.1944). Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1942, з 1944 на 2-м Бел. фронце, разведчык стралк. палка. Вызначыўся ў баях на подступах да Магілёва: 27.6.1944 старшына Х. на чале групы байцоў з 6 чал. пераправіўся цераз Дняпро каля в. Буйнічы. Група захапіла выгадны рубеж, знішчыла агнявыя кропкі праціўніка, чым садзейнічала пераправе сваіх падраздзяленняў. Х. першы ўварваўся ў вёску і на адным з дамоў узняў чырв. сцяг. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

А.К.Харчанка.

т. 16, с. 553

ХАРЧА́РМІЯ, Харчова-рэквізіцыйная армія Наркамхарчу РСФСР,

спецыяльнае ўзбр. фарміраванне, з дапамогай якога сав. дзяржава ажыццяўляла харчовую дыктатуру ў 1918—21. Створана ў маі—чэрв. 1918 пры Наркамаце харчавання, з мая 1919 у складзе Войск унутр. аховы з захаваннем падпарадкавання Наркамхарчу. Складалася са створаных пры мясц. органах Наркамхарчу харчатрадаў, з якіх на ваен. ўзор фарміраваліся харчбатальёны і харчпалкі. Іх абавязкі: атрыманне харчавання ад сялян, падаўленне антысав. выступленняў, ахова харч. грузаў і інш. Камплектавалася з добраахвотнікаў, з 1919 і за кошт мабілізаваных. Колькасны склад у чэрв. 1918—2863, у кастр. 1919—45 440, у вер. 1920—77 550 чал. Спыніла існаванне з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

ХАРЧАТРА́ДЫ, харчовыя атрады,

узброеныя атрады рабочых і сялян-беднякоў Расіі ў 1917—21, створаныя з мэтай нарыхтоўкі харчавання (найперш хлеба) для прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Іх стварэнне выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915, і асабліва нежаданнем сялян пастаўляць харчаванне па фіксаваных цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Першыя Х. створаны ў Петраградзе, Маскве і інш. прамысл. цэнтрах у канцы 1917 — пач. 1918. З увядзеннем харчовай дыктатуры іх стваралі мясц. органы Наркамата харчавання (уваходзілі ў склад харчарміі) і Усерас. цэнтр. ваен. бюро пры Усерас. цэнтр. савеце прафсаюзаў (нарыхтоўчыя, уборачна-нарыхтоўчыя, уборачна-рэквізіцыйныя атрады), буйныя прафсаюзы, фабзаўкомы, пав. і гар. Саветы. Ажыццяўлялі харчразвёрстку, змагаліся са стыхійным хлебным гандлем, дзейнічалі сумесна з камітэтамі беднаты, харч. к-тамі і мясц. Саветамі. У ліст. 1918 у Х. было 72 тыс. чал., у 1919—20 — ад 55 да 82 тыс. чал. Расфарміраваны з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

ХАРЧКА́МЫ, харчовыя камітэты ў Расіі,

1) з сак. 1917 мясц. органы Агульнадзярж. харч. к-та і Мін-ва харчавання Часовага ўрада. Створаны для барацьбы з «харчовымі цяжкасцямі», займаліся ўлікам і размеркаваннем харчавання.

2) 3 ліст. 1917 — мясц. органы Наркамата харчавання, з 1919 ажыццяўлялі харчразвёрстку; у 1921—24 уваходзілі на правах аддзелаў у мясц. Саветы і ажыццяўлялі збор харчпадатку.

т. 16, с. 554

ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РА ў Савецкай Расіі ў 1918—21,

сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

ХАРЧО́ВАЯ І СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ААН (ФАО),

міжнародная арганізацыя, спецыялізаваная ўстанова ААН. Засн. ў 1945. Штаб-кватэра ў Рыме. Гал. мэта — удасканаленне вытв-сці і размеркаванне с.-г. прадукцыі і прадуктаў харчавання. На ФАО ускладзены абавязкі па зборы і вывучэнні інфармацыі, садзейнічанні і заключэнні міжнар. пагадненняў адносна прадуктаў харчавання і аказанні тэхн. дапамогі. Сваю дзейнасць канцэнтруе на тэхн. дапамозе слабаразвітым краінам.

т. 16, с. 554

ХАРЧО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць харч. прадукты, мыла і мыйныя сродкі, тытунёвыя і парфумерна-касметычныя вырабы. Уключае алейна-тлушчавую прамысловасць, вінаробную прамысловасць, кандытарскую прамысловасць, лікёра-гарэлачную прамысловасць, макаронную прамысловасць, масласыраробную і малочную прамысловасць, мукамольна-крупяную прамысловасць, мясную прамысловасць, парфумерна-касметычную прамысловасць, піваварную прамысловасць, плодаагароднінную прамысловасць, рыбную прамысловасць, спіртавую прамысловасць, тытунёва-махорачную прамысловасць, харчовых канцэнтратаў прамысловасць, хлебапякарную прамысловасць і інш.

На Беларусі прадпрыемствы Х.п. ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. У 1860 працавалі 33 цукр. і 32 тытунёвыя прадпрыемствы; у Мінску, Віцебску і інш. гарадах была наладжана вытв-сць каўбас. У 1900 дзейнічалі 552 заводы Х.п., у т. л. 12 крухмальных. У 1913—778 прадпрыемстваў гэтай галіны давалі 40,7% аб’ёму валавой прадукцыі цэнзавай прам-сці, большая іх ч. прыпадала на вінакурна-гарэлачную і тытунёвую вытв-сць. Галіна інтэнсіўна развівалася ў 1920—40: будаваліся новыя, рэканструяваліся і пашыраліся дзеючыя прадпрыемствы. У 1940 Х.п. дала 27,1% аб’ёму прамысл. прадукцыі (1-е месца сярод галін прам-сці). У Вял. Айч. вайну 75% прадпрыемстваў Х.п. разбурана. У 1945 выпуск прадукцыі склаў 18,5% ад узроўню 1940. У 1945—60 галіна адноўлена, узнікла цукр. і харч. канцэнтратаў прам-сць. У пач. 1990 галіна (у складзе каля 300 прадпрыемстваў) давала каля 20% валавой прадукцыі прам-сці.

У 2001 у складзе Х.п. 475 прадпрыемстваў, найб. буйныя Мінскі гарадскі малочны завод № 3, Мінскі маргарынавы завод, Мінскі мясакамбінат, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Барысаўская макаронная фабрыка, Слуцкі мясакамбінат, Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Мазырскі солевыварны камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Магілёўскі жэлацінавы завод і інш. Тэхнал. абсталяванне для Х.п. вырабляецца на Беларусі і паступае з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і інш. Большасць сыравіны пастаўляе мясц. сельская гаспадарка, некат. віды (алей, цукар-сырэц, марская рыба, крухмал кукурузны, рыс, кава, какава, чай, агар-агар, вінаматэрыялы, хмель, солад) завозяцца. Большасць прадукцыі Х.п. спажываецца ў рэспубліцы. Доля галіны ў экспарце (2000) — 3,2%.

У свеце найб. развітую Х.п. маюць ЗША. Францыя, Германія, Італія, Вялікабрытанія, Японія, Расія, Венгрыя, Польшча, Балгарыя, Кітай і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 554

ХАРЧО́ВЫХ КАНЦЭНТРА́ТАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе сумесей з высушаных расл. (агародніны. фруктаў, збожжавых) і жывёльных (мясных, малочных, рыбных) прадуктаў з дабаўленнем тлушчу, цукру, прыпраў для хуткага прыгатавання гатовых страў.

Выпускаюць харч. канцэнтраты для прыгатавання першых (супы з агародніны, гарохавыя, малочныя), другіх (кашы, агародніна-мясныя рагу. амлеты). трэціх (кісялі. сухія распушчальныя напіткі) страў, дэсерты (жэле, мусы, крэмы), мучныя паўфабрыкаты (тарты, кексы, пячэнне), сухія сняданкі (мюслі, кукурузныя, рысавыя. пшанічныя палачкі, кольцы і інш., аўсяныя шматкі «Геркулес»), араматычныя прыправы (расфасаваныя перац, кардамон, сумесі араматычных траў, соусы) і інш.

На Беларусі 25 прадпрыемстваў Х.к.п. (2000). Найб. буйное — Лідскі завод харчовых канцэнтратаў. Ёсць падсобныя прадпрыемствы ў Мінску, Гродне, Віцебску, Гомелі. Камянцы. Ваўкавыску, Крупках. Краснаполлі і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 554

ХАРЧО́ВЫЯ ТАКСІКАІНФЕ́КЦЫІ,

група вострых кішэчных інфекцый, якія ўзнікаюць пры спажыванні ежы, забруджанай патагеннымі мікраарганізмамі (напр., стрэптакокамі) і іх таксінамі. Падзяляюцца на ўласна Х.т. і харч. інтаксікацыі (батулізм, стафілакокавая харч. інтаксікацыя). Ўспышкі Х.т. часцей назіраюцца ў цёплы час года (найб. спрыяльныя ўмовы для мікробнага забруджвання ежы), носяць «сямейны» характар, радзей ахопліваюць вял. групы насельніцтва.

Прыкметы: уздуцце і боль у жываце, моташнасць, шматразовая рвота, часты вадзяністы стул, агульная слабасць і інш. Пашкоджваюцца страўнік і кішэчнік. развіваюцца сімптомы запалення, інтаксікацыі. абязводжвання. Лячэнне тэрапеўтычнае.

І.​М.​Семяненя, А.​М.​Шадко.

т. 16, с. 554