ХАРЧАТРА́ДЫ, харчовыя атрады,
узброеныя атрады рабочых і сялян-беднякоў Расіі ў 1917—21, створаныя з мэтай нарыхтоўкі харчавання (найперш хлеба) для прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Іх стварэнне выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915, і асабліва нежаданнем сялян пастаўляць харчаванне па фіксаваных цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Першыя Х. створаны ў Петраградзе, Маскве і інш. прамысл. цэнтрах у канцы 1917 — пач. 1918. З увядзеннем харчовай дыктатуры іх стваралі мясц. органы Наркамата харчавання (уваходзілі ў склад харчарміі) і Усерас. цэнтр. ваен. бюро пры Усерас. цэнтр. савеце прафсаюзаў (нарыхтоўчыя, уборачна-нарыхтоўчыя, уборачна-рэквізіцыйныя атрады), буйныя прафсаюзы, фабзаўкомы, пав. і гар. Саветы. Ажыццяўлялі харчразвёрстку, змагаліся са стыхійным хлебным гандлем, дзейнічалі сумесна з камітэтамі беднаты, харч. к-тамі і мясц. Саветамі. У ліст. 1918 у Х. было 72 тыс. чал., у 1919—20 — ад 55 да 82 тыс. чал. Расфарміраваны з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).
т. 16, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)