АНТО́НАЎ Сяргей Пятровіч
(н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
С.Н.Чубакоў.
т. 1, с. 387
АНТО́НАЎ Юрый Міхайлавіч
(н. 19.2.1945, г. Ташкент),
спявак і кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1994). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963, клас акардэона). Працаваў у калектывах эстраднага жанру, у т. л. ў ансамблі пад кіраўніцтвам В.Вуячыча, аркестры «Сучаснік», вак.-інстр. ансамблях «Пявучыя гітары», «Магістраль» (арганізатар), «Аракс» і інш. Аўтар і выканаўца папулярных песень (у т. л. «Залатая лесвіца», «Макі», «Снегіры», «Ля бяроз і сосен» і інш.).
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 1, с. 387
АНТО́НАЎКА звычайная, старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).
т. 1, с. 388
АНТО́НАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Чавускім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «1 Мая». За 9 км на ПдЗ ад г. Чавусы, 50 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. станцыі Чавусы. 520 ж., 152 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 1, с. 388
АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА Уладзімір Аляксандравіч
(21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),
савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
т. 1, с. 387
АНТО́НЕНКА Аляксей Касьянавіч
(10.2.1911, в. Васькавічы Віцебскага р-на — 25.7.1941, пахаваны ў в. Хатка, Фінляндыя),
Герой Сав. Саюза (1941). У Чырв. Арміі з 1929. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1932). Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Лётчык-знішчальнік капітан Антоненка збіў 11 самалётаў ворага. Загінуў у баі.
т. 1, с. 388
АНТО́НІЙ Марк
(Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
т. 1, с. 388
АНТО́НІМЫ
(ад анты... + грэч. ...onyma імя),
словы адной і той жа часціны мовы з процілеглым значэннем. Гл. ў арт. Антанімія.
т. 1, с. 388
АНТО́НІЧ Багдан-Ігар
(5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),
украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.
Тв.:
Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.
Літ.:
Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.
В.А.Чабаненка.
т. 1, с. 388