АНЧА́Р
(Antiaris),
род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.
Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў нчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.
т. 1, с. 409
АНЧО́УС,
еўрапейскі анчоус (Engraulis eucrasicholus), хамса, рыба атр. селядцападобных. Жыве ў водах Атлантычнага ак. ад Паўночнага м. да Біскайскага заліва.
Даўж. да 20 см, маса да 19 г. Цела цыгарападобнае, спінны плаўнік невялікі. Трымаецца чародамі. Робіць сезонныя і вертыкальныя сутачныя міграцыі. Корміцца планктонам. Палавой спеласці дасягае на 2-м годзе жыцця. Жыве да 4 гадоў. Мае прамысл. значэнне.
т. 1, с. 409
А́НЧЫКАЎ Рыгор Аляксандравіч
(н. 27.1.1914, с. Верхнія Цімярсяны Цыльнінскага р-на Ульянаўскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1939 у Сав. Арміі, з 1956 інструктар ЦК КПБ. У 1966—72 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Працуе пераважна ў галіне камернай і хар. музыкі. Аўтар санаты для скрыпкі і фп., прэлюдый і варыяцый для фп., хароў на словы бел. паэтаў (А.Русака, М.Алтухова), рамансаў, апрацовак чуваш. нар. песень.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 1, с. 409
АНШЛА́Г
(ням. Anschlag),
спецыяльная аб’ява, што ўсе білеты на спектакль (паказ, канцэрт) прададзены. Паняцце аншлаг тоеснае паняццю «поўны збор».
т. 1, с. 409
АНШЛІ́Ф
(ням. Anschliff),
непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.
т. 1, с. 409
А́НШЛЮС
(ням. Anschluβ літар. далучэнне),
патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм. паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач. крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).
т. 1, с. 409
А́НШУЦ
(Anschütz) Генрых (8.2.1785—29.12.1865),
аўстрыйскі акцёр. Адзін з заснавальнікаў сцэнічнага рэалізму ў аўстр. т-ры. Працаваў у т-рах Германіі (Нюрнберг, Лейпцыг і інш.), з 1821 у «Бургтэатры» (Вена). Акцёр моцнага тэмпераменту, высокай культуры сцэнічнага слова. З аднолькавым поспехам выконваў камедыйныя і трагедыйныя ролі: Лір, Фальстаф («Кароль Лір», «Генрых IV» У.Шэкспіра), Антон («Марыя Магдаліна» К.Ф.Гебеля) і інш.
т. 1, с. 410
АНЬХО́Й,
Аньхуэй, правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс. км². Нас. 56 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр. Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс. выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.
т. 1, с. 410
АНЬША́НЬ,
горад на ПнУ Кітая, у даліне р.Ляахэ, у правінцыі Ляанін. Каля 1,4 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы жал. руды і чорнай металургіі (найбольшы ў краіне металургічны камбінат). Цяжкае машынабудаванне, нафтаперапр., хім., цэментны з-ды.
т. 1, с. 410
АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,
палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.
т. 1, с. 410