Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЗА́НАЎ Майсей Анісімавіч (22.2.1887, Вільня — 21.12.1964),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1933). Скончыў Бернскі ун-т (1913). З 1924 у клініцы нерв. хвароб Мінскага мед. ін-та. З 1934 у Віцебскім мед. ін-це (дырэктар, адначасова заг. кафедры). З 1944 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні поліяміэліту, эпідэміялогіі і клініцы энцэфалітаў, нейратаксікозаў і інш.

Літ.:

М.​А.​Хазанов // Здравоохранение Белоруссии. 1965. № 3.

т. 16, с. 521

ХАЗА́РСКІ КАГАНА́Т,

дзяржаўнае ўтварэнне, створанае хазарамі ў 7 ст. Напачатку сталіцай каганата быў г. Семендэр у Дагестане, пасля яго разгрому арабамі ў 735 — г. Ітыль на ніжняй Волзе. У час свайго росквіту ў 8—9 ст. уключаў Паўн. Каўказ, Прыазоўе, б.ч. Крыма, стэпавыя і паўстэпавыя тэр. да р. Дняпро; многія ўсх.-славянскія плямёны, у т. л. радзімічы, севяране, вяцічы, былі вымушаны плаціць Х.к. даніну. З 1-й пал. 8 ст. ў Х.к. пачалося пашырэнне іудаізму, які ў канцы 8 — пач. 9 ст. абвешчаны дзярж. рэлігіяй. У канцы 9 ст. Паўн. Прычарнамор’е захапілі печанегі, у выніку чаго пачаўся заняпад каганата. У 960-я г. кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч зрабіў паход на Волгу і зруйнаваў найважн. цэнтры Х.к. Да канца 10 ст. каганат спыніў існаванне.

Літ.:

Артамонов И.И. История хазар. 2 изд. СПб., 2001;

Гумилев Л.Н. Открытие Хазарии. М., 2001.

т. 16, с. 521

ХАЗА́РЫ,

качавы цюркамоўны народ, які з’явіўся ва Усх. Еўропе ў 4 ст. У сярэдзіне 7 ст. Х. стварылі Хазарскі каганат. Пасля яго падзення ў канцы 10 ст. паступова растварыліся сярод інш. цюркскіх народаў.

Літ.:

Плетнева С.А. Хазары. 2 изд. М., 1986.

т. 16, с. 521

ХАЗРЫ́ Набі, гл. Набі Хазры.

т. 16, с. 521

ХАІ́Н Віктар Яўхімавіч (н. 26.2.1914. Баку),

расійскі геолаг. Акад. Рас. АН (1987). Скончыў Азербайджанскі індустрыяльны ін-т (1935). У 1949—54 праф. у ім. З 1957 у Ін-це геахіміі і аналіт. хіміі АН СССР. Праф. Маскоўскага ун-та з 1961; з 1972 — у Геал. ін-це АН СССР. Навук. працы па рэгіянальнай тэктоніцы мацерыкоў, класіфікацыі асн. структурных элементаў зямной кары. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Тв.:

Региональная геотектоника: Северная и Южная Америка. Антарктида и Африка. М., 1971;

Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973.

т. 16, с. 521

ХАЙБЕ́РСКІ ПРАХО́Д,

горны праход у хр. Сафедкох (горы Парапаміз) на Пд ад цясніны р. Кабул, каля мяжы паміж Афганістанам і Пакістанам. Даўж. 53 км, шыр. 15—130 м. Выш. да 1030 м. Праз Х.п. праходзяць чыгунка (на тэр. Пакістана) і на розных узроўнях шаша і караванная дарога Пешавар—Кабул.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

княства ў Індыі ў 18—20 ст. Узнікла ў 1724, калі мясц. намеснік Вялікіх Маголаў абвясціў сябе незалежным правіцелем (нізамам). У 1798 нізам Х. падпісаў дагавор з англ. Ост-Індскай кампаніяй, паводле якога прызнаў сябе васалам кампаніі (з 1858 — брыт. кароны). Найбуйнейшае васальнае княства ў складзе Брыт. імперыі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі правіцель-мусульманін працівіўся далучэнню Х. да Індыі, але пад націскам індуісцкай большасці вымушаны быў гэта зрабіць. У 1950—56 аднайм. штат Індыі. У 1956 скасаваны, яго тэр. падзелена паміж штатамі Андхра-Прадэш, Майсур і Бамбей.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

горад у Індыі, пры зліцці рэк Мусі і Усі. Адм. ц. штата Андхра-Прадэш. 6,65 млн. ж. (2000). Важны эканам., гіст. і культ. цэнтр Паўд. Індыі. Прам-сць: лёгкая, харч., хім.-фармацэўтычная, тытунёвая, папяровая, шкляная; трансп., энергет., эл.-тэхн. машынабудаванне, вытв-сць авіяц. абсталявання, авіяц. з-д. Саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў, тканін. Асманскі ун-т. Цэнтральнае геафіз. ўпраўленне.

Горад Хайдарабад (Індыя). Статуя Буды на воз. Хусейн-Сагар.

Засн. пасля 1589 як сталіца інд. дзяржавы Галконда. З 1724 сталіца аднайм. княства і рэзідэнцыя нізамаў, потым адм. ц. штата Хайдарабад, з 1956 — штата Андхра-Прадэш.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

горад на ПнУ Пакістана, на р. Інд. 1,6 млн. ж. (1981, з прыгарадамі). Трансп. вузел, рачны порт. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, шкляная, тытунёвая; с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне, металаапрацоўка. Саматужныя рамёствы (ткацкае, ювелірнае, ганчарнае). Сіндхскі ун-т.

т. 16, с. 521

ХАЙДА́Р АЛІ́ (1722—7.12.1782),

правіцель паўд.-інд. дзяржавы Майсур. Быў камандзірам ваен. атрада на службе раджы Майсура, у 1758—60 адхіліў раджу ад рэальнай улады і стаў фактычным правіцелем дзяржавы. Рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю. У войнах 1761—64 значна павялічыў тэр. Майсура і зрабіў яго адной з наймацнейшых дзяржаў Індыі. У 1767—69 вёў вайну з англ. Ост-Індскай кампаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). У 1770-я г. ваяваў з Маратхскімі княствамі і Хайдарабадам за гегемонію ў Паўд. Індыі. Памёр у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84.

т. 16, с. 521