Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЗА́ЎРУС (ад грэч. thēsauros скарб. скарбніца). 1) у мовазнаўстве: максімальна поўны слоўнік слоў пэўнай мовы з вычарпальнымі тэкставымі ілюстрацыямі. Ажыццявімы пераважна для мёртвых моў, на якіх тэксты гістарычна абмежаваныя ў колькасных адносінах. Напр., укладанне «Тэзаўруса лацінскай мовы» (з 1900). Т. наз. таксама слоўнік, які пабудаваны па сістэме прадметна-тэмат. груп, згодна з загадзя вызначанай іерархічнай сістэмай паняццяў (напр., лінгвістычны Т., статыстычны Т. і інш.).

2) Т. у інфарматыцы — слоўнік, які змяшчае лексічныя адзінкі (дэскрыптары) інфарм.-пошукавай мовы, а таксама сістэму семантычных суадносін, неабходную для арганізацыі найб. поўнага і дакладнага пошуку. Асн. тыпы семантычных суадносін паміж гэтымі дэскрыптарамі — род — від, частка — цэлае, мэта — сродкі і інш.

Адрозніваюцца Т. прынцыпам іх арганізацыі (алфавітны, іерархічны, фасетны — група аднародных тэрмінаў, звязаных якой-н. агульнай прыкметай), спосабам выкарыстання (машынны ці безмашынны), тэматыкай і паўнатой ахопу лексікай Т. пэўнай галіны (базавы, рабочы, вузкатэматычны, шматгаліновы і інш.). Т. у праграмным забеспячэнні — файл з сінонімамі, які захоўваецца ў памяці ЭВМ ці інш. носьбіце разам з праграмай (напр., транслятарам), што выкарыстоўвае гэты файл.

Літ.:

Никитина С.Е. Тезаурус по теоретической и прикладной лингвистике. М., 1978;

Караулов Ю.Н. Лингвистическое конструирование и тезаурус литературного языка М., 1981;

Русский семантический словарь: Опыт автоматич построения тезауруса: от понятия к слову. М., 1982 Шемакин Ю.И. Тезаурус з автоматизированных системах управления и обработки информации. М., 1974.

А.​Я.​Міхневіч (мовазнаўства), М.​П.​Савік (інфарматыка).

т. 16, с. 105

ТЭ́ЗІС (грэч. thesis палажэнне, сцвярджэнне),

1) у шырокім сэнсе — адно з асноватворных палажэнняў пэўнай канцэпцыі ці тэорыі.

2) У філасофіі Г.​Гегеля — зыходны момант у працэсе дыялект. развіцця, які разам з антытэзісам і сінтэзам складаюць трыяду.

3) У логіцы — палажэнне, сапраўднасць якога патрабуе доказу.

т. 16, с. 105

ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл. Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл. Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.​С.​Салаўёў, П.​Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг. экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.​Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).

т. 16, с. 105

ТЭ́ЙДЭ, Піка-дэ-Тэйдэ (Pico de Teide),

дзеючы вулкан на в-ве Тэнерыфе (Канарскія а-вы). Складзены пераважна з базальтаў. У стараж. кальдэры Ла-Каньядас сфарміраваны маладыя конусы вулканаў Т. (выш. 3718 м) і Піка-В’еха (3103 м), якія зліліся. Апошняе вывяржэнне Т. ў 1909. На схілах хваёвыя лясы, зараснікі ядлоўцу. Нац. парк.

т. 16, с. 105

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Брук (18.8.1685, Лондан — 29.12.1731),

англійскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1712) і яго сакратар (1714—18). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1709). Навук. працы па матэм. аналізе, механіцы, оптыцы і астраноміі. Даў пачатак матэм. вывучэнню задачы аб ваганнях струны, узаемадзеянні магнітаў, палёце снарадаў, вызначыў цэнтр хістанняў маятніка і інш. Вывеў агульную формулу для раскладання функцый у ступенны шэраг (гл. Тэйлара шэраг).

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 2. М., 1970.

т. 16, с. 105

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Джозеф Хутан малодшы (н. 29.3.1941, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі фізік і радыёастраном. Чл. Нац. АН ЗША (1981), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1982). Скончыў Гарвардскі ун-т (1968). З 1969 у Масачусецкім, з 1980 у Прынстанскім ун-тах. Навук. працы па пошуку і даследаванні пульсараў, эксперым. праверцы агульнай тэорыі адноснасці. Адкрыў першы падвойны пульсар (разам з Р.Халсам, 1974; радыётэлескоп абсерваторыі каля г. Арэсіба, Пуэрта-Рыка), па выніках даследавання выпрамянення якога ўпершыню даў эксперым. пацвярджэнне існавання гравітацыйнага выпрамянення (1978) і з высокай дакладнасцю вымераў інш. эфекты агульнай тэорыі адноснасці. Нобелеўская прэмія 1993 (разам з Халсам).

Тв.:

Рус. пер. — Пульсары. М., 1980 (разам з Р.​Манчэстэрам);

Двойные пульсары и релятивистская гравитация // Успехи физ. наук. 1994. Т. 164, № 7.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Х.Тэйлар.

т. 16, с. 105

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Рычард Эдвард (н. 2.11.1929, г. Медысін-Хат, Канада),

канадскі фізік. Чл. Каралеўскага т-ва Канады (1985), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992), Лонданскага каралеўскага т-ва (1997). Скончыў ун-ты Альберты ў г. Эдмантан (Канада, 1952) і Станфардскі (1962). З 1962 у Станфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (з 1970 праф., у 1982—86 нам. дырэктара). Навук. працы па эксперым. фізіцы элементарных часціц, праблемах дэтэктыравання гравітацыйнага выпрамянення, рэнтгенаўскай і гама-астраноміі. Разам з Дж.А.Фрыдманам і Г.У.Кендалам у серыі эксперыментаў пацвердзіў існаванне кваркаў (1967—73). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Фрыдманам, Кендалам).

Тв.:

Рус. пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: ранние годы // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Э.Тэйлар.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),

амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл. Тэйларызм); заснавальнік навук. менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер. т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ва навук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.

Літ.:

Кравченко А.И. Классики социологии менеджмента: Ф.​Тейлор, А.​Гастев. СПб., 1999. Менеджмент. М., 1992.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Элізабет (н. 27.2.1932, Лондан),

амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1943. Атрымала вядомасць ў фільмах «Месца пад сонцам» (1951), «Рапсодыя» (1953), «Гігант» (1956) і інш. Раскрылася як актрыса псіхал. і драм складу ў фільмах «Кошка на распаленым даху» (1958), «Батэрфілд, 8» (1960, прэмія «Оскар»), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» (1966, «Оскар»), «Бум!» (1968), «Тайная цырымонія» (1969), «Хамерсміт выйшаў на волю» (1972, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Люстэрка трэснула» (1980). Знялася таксама ў фільмах «Клеапатра» (1963), «Камедыянты», «Утаймаванне свавольнай» (абодва 1967), «Сіняя птушка» (СССР—ЗША, 1976) і інш. Выступае на тэлебачанні.

Э.Тэйлар.

т. 16, с. 106

ТЭ́ЙЛАРА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі зададзенага пункта x = a раскладаецца аналітычная функцыя. Значэнне функцыі 𝑓(x) выражаецца праз значэнні яе і яе вытворных ў пункце x = a: 𝑓 (x) = 𝑓 (a) + 𝑓 ′(a) 1! ( x − a ) + 𝑓 ″(a) 2! ( x − a ) 2 + ... + 𝑓 (n) (a) n! ( x − a ) (n) + ... . Прапанавана Б.Тэйларам (апублікавана ў 1715).

У многіх важных для практыкі выпадках Т.ш. збягаецца да 𝑓(x) на некаторым інтэрвале з цэнтрам у пункце a. Для набліжаных вылічэнняў карыстаюцца формулай Тэйлара: 𝑓(x) = Pn(x) + Rn(x), дзе Pn(x) — частковая сума Т.ш. (мнагасклад Тэйлара), Rn(x) — астаткавы член (ацэнка дакладнасці вылічэнняў). Пры a = 0 Т.ш. пераўтвараецца ў Маклорэна шэраг. Т.ш. дазваляе зводзіць вывучэнне некаторых ўласцівасцей функцый (вылічэнне лімітных значэнняў функцый, даследаванне іх экстрэмумаў, пунктаў перагіну і інш.) да больш простай задачы вывучэння такіх уласцівасцей адпаведнага мнагаскладу Тэйлара.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 106