ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),
амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл. Тэйларызм); заснавальнік навук. менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер. т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ва навук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.
Літ.:
Кравченко А.И. Классики социологии менеджмента: Ф.Тейлор, А.Гастев. СПб., 1999. Менеджмент. М., 1992.
І.В.Катляроў.
т. 16, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)