ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Рычард Эдвард (н. 2.11.1929, г. Медысін-Хат, Канада),
канадскі фізік. Чл. Каралеўскага т-ва Канады (1985), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992), Лонданскага каралеўскага т-ва (1997). Скончыў ун-ты Альберты ў г. Эдмантан (Канада, 1952) і Станфардскі (1962). З 1962 у Станфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (з 1970 праф., у 1982—86 нам. дырэктара). Навук. працы па эксперым. фізіцы элементарных часціц, праблемах дэтэктыравання гравітацыйнага выпрамянення, рэнтгенаўскай і гама-астраноміі. Разам з Дж.А.Фрыдманам і Г.У.Кендалам у серыі эксперыментаў пацвердзіў існаванне кваркаў (1967—73). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Фрыдманам, Кендалам).
Тв.:
Рус.пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: ранние годы // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, вып. 12.