АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НО́ВЫХ АРХІТЭ́КТАРАЎ
(АСНОВА),
аб’яднанне рус. архітэктараў і мастакоў у 1923—30. Засн. ў Маскве выкладчыкамі Вхутэмаса, якія прапанавалі ідэю стварэння архітэктуры на базе сінтэзу пластычных мастацтваў (уключэнне ў архітэктуру рэв. эмблематыкі і лозунгаў, выкананых сродкамі скульптуры, жывапісу і дэкар. мастацтва). Увайшла ў Маскоўскае аддз. Усесаюзнага арх. навук. Т-ва.
т. 2, с. 22
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,
асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.
т. 2, с. 22
АСАШЫЭ́ЙТЭД ПРЭС
(Associated Press; АП),
адно з самых вялікіх інфарм. агенцтваў у ЗША, кааператыўнае аб’яднанне газетных выдаўцоў. Засн. ў 1848 у Нью-Йорку. Мае 143 філіялы ў ЗША і 86 у інш. краінах; інфармацыю Асашыэйтэд прэс на 6 мовах прымаюць 110 дзяржаў (1993).
т. 2, с. 22