АРГІЛІ́Т
(ад грэч. argillos гліна + ...літ),
асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.
т. 1, с. 473
АРГІНІ́Н,
L-аміна-δ-гуанідзінаваляр’янавая кіслата, C6H14O2N4, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. У арганізме прысутнічае ў свабодным стане і ў складзе бялкоў, асабліва пратамінаў (да 85%) і гістонаў. У значнай колькасці ёсць у раслінах (асабліва ў рэзервовых і зародкавых органах). Мае ўласцівасці шчолачаў, утварае бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе. Садзейнічае назапашванню і пераносу азоту. Для дарослых млекакормячых не з’яўляецца незаменнай, а ў маладых яе біясінтэз недастатковы. Удзельнічае ва ўтварэнні мачавіны і арніціну (арніцінавы цыкл), крэаціну, аргінінфасфату і інш.
т. 1, с. 473
АРГІШЦІХІНІ́ЛІ,
горад, пабудаваны каля 776 да н.э. ў час праўлення цара Урарту Аргішці І. У 4 ст. да н.э. на яго месцы пабудаваны г. Армавір — сталіца Стараж. Арменіі.
т. 1, с. 473
АРГІ́ШЦІ I
(1-я пал. 8 ст. да н.э.),
цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.
т. 1, с. 473
АРГО́
(франц. argot),
разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.
Літ.:
Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.
П.Б.Мячкоўская.
т. 1, с. 473
АРГО́Н
(лац. Argon),
Ar, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: 36Ar (0,337%), 38Ar (0,063%), і 40Ar (99,6%). У атмасферы 16·1012 т аргону, у зямной кары 0,165·1012 т, у вадзе 0,75·1012 т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.
т. 1, с. 473
АРГСУ́ВЯЗЬ,
пашыраная назва сукупнасці сродкаў аператыўнай сувязі, якія павышаюць эфектыўнасць адм.-кіраўнічай працы. Шэраг сродкаў аргсувязі належаць да аргтэхнікі.
т. 1, с. 473
АРГТЭ́ХНІКА,
арганізацыйная тэхніка, тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне архтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л. мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл. Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
т. 1, с. 473
АРГУЛЁЗ,
інвазійная хвароба рыб, якую выклікаюць крывасосныя рачкі-аргулюсы (з роду Argulus). Пашкоджваюцца скура, плаўнікі, шчэлепы моладзі карпа, сазана, стронгі, амураў, судакоў, ляшчоў і інш. Дарослыя рыбы хварэюць рэдка. Лічынкі рачкоў праколваюць хабатком скуру і сасуды цела рыб, сакрэты іх ядавітых залоз таксічна ўздзейнічаюць на арганізм рыб. Прычыняе значныя страты рыбагадоўлі.
т. 1, с. 474
АРГУМЕ́НТ
(лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 474