АРЗАМА́С,
горад у Расіі, раённы цэнтр у Ніжагародскай вобл., на р.Цёша (прыток Акі). Узнік у 1578 як горад-крэпасць. 111,3 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць рухавікоў, запчастак да аўтамабіляў, прылад, абсталявання для камунальнай гаспадаркі і інш.), лёгкая, харч. прам-сць. У Арзамасе была першая ў Расіі правінцыяльная школа жывапісу (1802—62).
т. 1, с. 477
«АРЗАМА́С»,
літаратурны гурток у Пецярбургу ў 1815—18. Удзельнікі В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, П.Вяземскі, В.Пушкін, А.Пушкін, А.Тургенеў і інш. «Арзамасцы» былі прыхільнікамі моўнай рэформы М.Карамзіна (выступалі за набліжэнне паэт. мовы да народнай), імкнуліся да стварэння новых маст. формаў у л-ры, адмаўлялі састарэлыя каноны класіцызму. Выступалі з крытыкай дзейнасці прыхільнікаў «Гуртка аматараў рускага слова».
т. 1, с. 477
АРЗАМА́САЎ Іван Цімафеевіч
(8.8.1922, с. В. Кулікі Ракшынскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1990),
бел. вучоны ў галіне паразіталогіі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў Казанскі ун-т (1952). У 1952—54 навук. супрацоўнік заказніка «Белавежская Пушча», з 1958 у Ін-це заалогіі АН Беларусі (у 1981—85 нам. дырэктара). Навук. працы па комплексным даследаванні паразіталагічнай сітуацыі ў прыродных ландшафтах, біялогіі і экалогіі эктапаразітаў — пераносчыкаў трансмісіўных інфекцый, небяспечных для чалавека і с.-г. жывёл.
Тв.:
Иксодовые клещи. Мн., 1961;
Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;
Структура паразитоценозов грызунов геоботанических подзон Белоруссии. Мн., 1983 (разам з І.В.Меркушавай, І.В.Чыкілеўскай).
т. 1, с. 477
АРЗНІ́,
кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.
т. 1, с. 477