Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРМАВІ́Р,

сталіца і рэліг. цэнтр стараж.-арм. Айрарацкага царства ў 4—2 ст. да н.э. Заснаваны на месцы г. Аргішціхінілі. Пасля перанясення сталіцы ў г. Арташат прыйшоў у заняпад, але існаваў да 5 ст. н.э. Яго руіны каля с. Армавір у Арменіі.

т. 1, с. 486

АРМАВІ́Р,

горад у Расіі, у Краснадарскім краі, на р. Кубань. Засн. ў 1839 пад назвай Армянскі аул. 178,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне і металаапрацоўка (эл.-тэхн., нафтавае машынабудаванне, прыладабудаванне і інш.), харч. (мясакансервавая, малочная, алейна-тлушчавая), хім., дрэваапр., лёгкая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 1, с. 487

АРМАГЕДО́Н

(грэч. Armagedōn),

паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 487

АРМА́ДА

(ад ісп. armada флот, эскадра),

устарэлая назва вялікай колькасці сабраных у адным раёне караблёў, самалётаў або танкаў, якія дзейнічаюць адначасова і ўзгоднена. Гл., напр., «Непераможная армада».

т. 1, с. 487

АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).

т. 1, с. 487

АРМА́ТА,

1) старажытная назва артыл. гарматы, якая з’явілася на Русі ў 2-й пал. 14 ст. 2) Назва на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы ў 15—17 ст. разнастайнай зброі і засцерагальнага ўзбраення.

3) Назва артылерыі бел. гарадоў і замкаў у 15—17 ст.

т. 1, с. 487

АРМАТУ́РА

(ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

т. 1, с. 487

АРМАТУ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Уключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку.

Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спец. станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шыр. да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асн. на гарыз. і верт. кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўл. дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напр., плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і інш. элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.

т. 1, с. 487

АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.

Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.

т. 1, с. 488

АРМЕ́ЙСКІЯ КАМІТЭ́ТЫ,

гл. Салдацкія камітэты.

т. 1, с. 488