АРМАГЕДО́Н

(грэч. Armagedōn),

паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)