Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ

(Haliaeetus albicilla),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв.пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.

т. 1, с. 482

АРЛЕА́Н

(Orléans),

горад у цэнтр. частцы Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Луара і гал. горад гіст. вобласці Арлеанэ. 105,5 тыс. ж. (1982). Буйны трансп. вузел. С.-г., эл.-тэхн. машынабудаванне. Харч. цэнтр гароднінна-садавіннага рэгіёна, харчасмакавая (вытв-сць вінаў), тэкст., фармацэўтычная прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. Жанны д’Арк).

У старажытнасці быў гал. горадам (наз. Цэнабум) кельцкага племя карнутаў. У 1 ст. да н.э. разбураны Цэзарам, адноўлены ў 3 ст. рым. імператарам Аўрэліянам (адсюль назва Аўрэліянум, Арлеан). У 6—7 ст. цэнтр Арлеанскага каралеўства. У 12 ст. буйны гандл. цэнтр з частковым самакіраваннем. У 1309 засн. ун-т. У Стогадовую вайну 1337—1453 Арлеан пасля 7-месячнай аблогі англічан у маі 1429 вызвалены франц. войскамі на чале з Жаннай д’Арк. У перыяд рэлігійных войнаў 16 ст. адзін з цэнтраў гугенотаў. У 1560 у Арлеане скліканы Ген. штаты. У 1870 яго двойчы займалі прускія войскі. Горад захаваў аблічча 18 ст., ёсць помнікі архітэктуры 10—18 ст. (гатычны сабор Сент-Круа, з 13 ст.; царква Сент-Эверт; рэнесансавая царква Нотр-Дамдэ-Рэкуўранс, 1513—19; класіцыстычныя, барочныя збудаванні і інш.).

т. 1, с. 482

АРЛЕАНВІ́ЛЬ

(Orléansville),

былая назва алжырскага г. Эш-Шэліф.

т. 1, с. 482

АРЛЕАНІ́СТЫ,

манархічная групоўка ў Францыі ў 19 ст. Узвяла на трон у 1830 Луі Філіпа Арлеанскага. У перыяд яго праўлення [1830—48] панавалі ў Францыі, у перыяд Другой рэспублікі [1848—52] уваходзілі ў «партыю парадку», палітыка якой садзейнічала ўстанаўленню Другой імперыі. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы няўдалага манарх. перавароту ў 1870-я г., а затым у буланжызме (канец 1880-х г.) сышлі з паліт. арэны.

т. 1, с. 482

АРЛЕА́НСКАЯ ДЗЕ́ВА,

гл. Жанна д’Арк.

т. 1, с. 482

АРЛЕА́НСКІ ДОМ,

гл. ў арт. Бурбоны.

т. 1, с. 482

АРЛЕАНЭ́

(Orléanais),

гістарычная правінцыя ў Францыі. Уключае дэпартамент Луара, часткова Луар і Шэр, Эр і Луар, Йёна, Эсон. Пл. 17,7 тыс. км². Нас. каля 1,1 млн. чал. (1982). Гал. горад Арлеан.

т. 1, с. 482

АРЛЕ́ЙКА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка. За 24 км на У ад г. Гарадок. Пл. 0,41 км², даўж. 1,01 км, найб. шыр. 0,75 км, найб. глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору каля 24 км². Даўж. берагавой лініі 4 км. Берагі пясчаныя, зараслі хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж берагоў пяском. Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя. Упадае ручай з воз. Плаў, сцёк у воз. Вымна. Гнездаванне рэдкай птушкі — гогаля звычайнага.

т. 1, с. 482

АРЛЕКІ́Н (італьян. Arlecchino). традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ; слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытваў інтрыгу камедыі. У сярэдзіне 17 ст. ў Францыі — вобраз хітрага, дасціпнага плеткара, які актыўна ўдзельнічаў у развіцці дзеяння. Далейшая змена маскі арлекіна адбывалася па-за камедыяй дэль артэ. У 18 — пач. 19 ст. ў Францыі арлекін — вытанчаны любоўнік, шчаслівы сапернік персанажа нар. т-ра П’еро.

т. 1, с. 482

АРЛЕ́НЕЎ

(сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч (6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).

т. 1, с. 483