Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́РКА

(ад лац. arcus дуга, выгін),

у архітэктуры крывалінейнае перакрыцце праёма ў сцяне ці прасторы паміж 2 апорамі (слупамі, калонамі, пілонамі і г. д.).

Каменныя аркі ўпершыню з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Усходу. Пашыраны ў ант. Рыме, важны арх.-канструкцыйны і дэкар. элемент у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Робяць аркі з каменю, жалезабетону, металу, цэглы, дрэва. Паводле формы крывой адрозніваюць аркі: паўкруглыя, ці паўцыркульныя (найб. пашыраны від), спічастыя (характэрны для стылю готыкі), падковападобныя (пашыраны ў архітэктуры араб. краін), кілепадобныя (у выглядзе какошніка), шматлопасцевыя, паўзучыя (з апорамі рознай вышыні) і інш. У сучасным буд-ве аркі выкарыстоўваюць як нясучыя элементы пралётных збудаванняў, мастоў, пуцеправодаў. Гл. таксама Аркада, Аркатура, Аркбутан.

т. 1, с. 477

АРКА́ДА

(франц. arcade),

шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.

т. 1, с. 478

АРКА́ДЗІЯ,

клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.

т. 1, с. 478

АРКА́ДЗЬЕЎ

(сапр. Цівунчык) Аркадзь Станіслававіч (13.11.1897, в. Журбілавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 27.2.1969),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў тэатр. студыю ў Омску (1921). Арганізатар, гал. рэжысёр і вядучы акцёр Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (з 1956), рэжысёр Бабруйскага муз.-драм. т-ра і Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі (1963—66). Найб. значныя пастаноўкі: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1957, выканаў таксама ролю Лявона Зябліка), «Вясёлка» М.Заруднага (1958), «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (1961), «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1962).

Літ.:

Вавула Г. Аркадзь Аркадзьеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

т. 1, с. 478

АРКА́ДЫЯ

(Arkadia),

гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-га тыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.

т. 1, с. 478

АРКА́ДЫЯ,

вёска ў Беларусі, у Гершонскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса «Прыбужжа». За 6 км на Пд ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Гершоны, каля аўтадарогі Брэст—Ковель. 665 ж., 224 двары (1995). Афанасьеўская капліца — помнік архітэктуры 19—20 ст.

т. 1, с. 478

АРКАНА́ДА

(Arconada) Сесар Муньёс (5.12.1898, Астудыльё — 10.3.1964),

іспанскі пісьменнік. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 жыў у СССР. Выдаў зб-кі сюррэалістычных вершаў «Смага» (1921), «Горад» (1928). У раманах «Турбіна» (1930), «Беднякі супраць багацеяў» (1933), «Падзел зямлі» (1934) карціны жыцця іспанскай вёскі 1920—30-х г. Тэме грамадз. вайны ў Іспаніі прысвяціў раман «Рака Таха» (1938). Аўтар паэмы «Далорэс» (1949), трагедыі «Мануэла Санчэс» (1949).

Тв.:

Рус. пер. — Река Тахо. М., 1941;

Испания непобедима: Сб. рассказов. М., 1943.

т. 1, с. 478

АРКА́НЗАС

(Arkansas),

рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл. бас. 416 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.

т. 1, с. 478

АРКА́НЗАС

(Arcansas),

штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс. км², нас. 2424 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.

М.С.Вайтовіч.

т. 1, с. 478

АРКА́Р,

млекакормячая жывёла, гл. Архар.

т. 1, с. 478