Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́РА,

агульная назва 2 родаў (Ara і Anadorhynchus) клінахвостых папугаяў атр. папугаепадобных. 18 відаў. Жывуць у лясах Паўн. і Паўд. Амерыкі. Як дэкар. птушкі завезены ў многія краіны свету. Найб. вядомыя ара чырвоны (Ara macao), ара блакітны (Ara ararauna), ара гіяцынтавы (Anadorhynchus hiacinthinus).

Гіяцынтавы ара даўж. да 1 м. Ярка афарбаваныя птушкі з доўгім хвастом. Дзюба моцная. Чароды ара часам шкодзяць пладовым дрэвам. Лёгка прыручаюцца і могуць «гаварыць». Некаторыя ахоўваюцца. Трохкаляровы ара вымер на Кубе ў 1880-я г.

т. 1, с. 442

АРА́,

гл. Амерыканская адміністрацыя дапамогі.

т. 1, с. 442

АРАБА́ЦКАЯ СТРЭ́ЛКА,

вузкая і доўгая пясчаная каса ва ўсх. ч. Крымскага п-ва. Цягнецца амаль паралельна паўн.-ўсх. берагу і аддзяляе зал. Сіваш ад Азоўскага мора. Даўж. 113 км, шыр. ад 270 м да 8 км. На Пн аддзяляецца ад мацерыка вузкім Генічаскім пралівам. Назва паходзіць ад стараж. ўмацавання Арабат.

т. 1, с. 443

АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК

(Arab-African International Bank; ААМБ),

міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.

т. 1, с. 442

АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49,

Палесцінская вайна, вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс. км²) і яўр. (14 тыс. км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс. чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс. чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс. км² араб. зямель і зах. ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах. бераг р. Іардан і ўсх. ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.

т. 1, с. 442

АРА́БА-ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКІ БАНК

(Arab-Latin American Bank; АРЛАБАНК),

міжнародная фін. арганізацыя. Створаны ў 1977. Члены — 25 банкаў, фін. кампаній і міжнар. фін. ін-таў. Штаб-кватэра ў Ліме (Перу). Мэта: пашырэнне і паглыбленне супрацоўніцтва арабскіх і лацінаамерыканскіх краін у галіне эканомікі і фінансаў; фінансаванне праектаў эканам. развіцця краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 442

АРАБЕ́Й Лідзія Львоўна

(н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Канд. філал. н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайнагал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1985;

Халодны май. Мн., 1993.

т. 1, с. 443

АРАБЕ́ЙКА Іван Сяргеевіч

(н. 26.3.1942, в. Хмелева Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1964), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1983). З 1975 працуе ў Брэсцкім аддз. Гандлёва-прамысл. палаты Беларусі. Вершы Арабейкі (зб-кі «Услед за сонцам», 1972; «Асенні ранак», 1978) вызначаюцца навізной рабочай тэматыкі, адлюстроўваюць працоўныя будні. У паэме «Сцяна» (1975) уславіў подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

т. 1, с. 443

Арабей Сяргей Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 335

АРАБЕ́СК

(франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),

адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.

т. 1, с. 443