АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ
(Haliaeetus albicilla),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.
т. 1, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)