АРГІЛІ́Т

(ад грэч. argillos гліна + ...літ),

асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)