АПАТРЫ́ДЫ
(ад грэч. apatris пазбаўлены бацькаўшчыны),
асобы, якія не маюць грамадзянства ніводнай краіны. Іх прававое становішча ў асноўным рэгулюецца нац. законамі дзяржаў і міжнар. пагадненнямі (канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954, аб скарачэнні безграмадзянства 1961 і інш.), якія прадугледжваюць устанаўленне для апатрыдаў статуса іншаземцаў і льготных умоў для набыцця імі грамадзянства краіны, дзе яны жывуць.
т. 1, с. 419
АПАТЫ́Т
(ад грэч. apatē падман),
мінерал класа фасфатаў Ca5[PO4]3·(F,Cl, OH)2. Колькасць фосфарнага ангідрыту P2O5 — 41—42,3%. Прымесі CO2, SO3, SiO2, Mn, рэдказямельных элементаў, U, Sr і інш. Крышталізуецца ў гексагацальнай сінганіі, утвараючы падоўжана-прызматычныя, ігольчастыя, радзей таблітчастыя крышталі. Агрэгаты зярністыя, зямлістыя і інш. Колер белы, блакітны, жоўты, фіялетавы, чорны. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 5. Шчыльн. ад 2,95 да 3,8 г/см³. Паходжанне магматычнае, гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Сумесь апатыту з кальцытам, гіпсам і інш. у выглядзе зямлістых утварэнняў або канкрэцый наз. фасфарытам. Сыравіна для вытв-сці ўгнаенняў, фосфарнай кіслаты і яе соляў; выкарыстоўваецца ў металургіі, керамічнай і шкляной прам-сці. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ва ўсіх адкладах. Сінтэтычны апатыт з прымессю рэдказямельных элементаў выкарыстоўваюць у оптыцы.
т. 1, с. 419
АПАТЫ́ТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. агрэгаты, у якіх ёсць апатыт у колькасцях і формах, што адпавядаюць умовам прамысл. перапрацоўкі. Па колькасці фосфарнага ангідрыту P2O5 апатытавыя руды падзяляюцца на багатыя (больш за 18%), бедныя (5—8%) і збедненыя (3—5%). Па ўмовах утварэння вылучаюць эндагенныя (у масівах шчолачных магматычных парод), экзагенныя (радовішчы выветрывання) і метамарфізаваныя (пераўтвораныя) радовішчы. Найбольшае прамысл. значэнне маюць магматычныя радовішчы, звязаныя з масівамі нефелінавых сіенітаў (P2O5 16—19%). Апатытавыя руды выкарыстоўваюцца для вытв-сці мінер. угнаенняў, фосфарнай кіслаты, розных соляў, у металургіі, керамічнай, шкляной і хім. прам-сці. Найбольшыя запасы апатытавых руд у Рас. Федэрацыі. Бразіліі, ПАР, Фінляндыі, Угандзе, Нарвегіі, Зімбабве, Канадзе, Іспаніі, Індыі.
т. 1, с. 419
АПАТЫ́ТЫ,
горад у Расіі, у Мурманскай вобл., за 185 км на Пд ад Мурманска. Размешчаны на Кольскім п-ве паміж воз. Імандра і Хібінамі. Засн. ў 1935. 82,1 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Горназдабыўная прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Кіраўская ДРЭС. Кольскі філіял Рас. АН.
т. 1, с. 419
АПА́ТЫЯ
(ад грэч. apatheia абыякавасць),
стан поўнай абыякавасці, пасіўнасці, страты (поўнай або частковай) інтарэсу да навакольнага, унутраных памкненняў, эмац. рэакцый. Можа быць адзнакай некаторых псіх. хвароб (напр., шызафрэніі) або парушэння дзейнасці залозаў унутр. сакрэцыі.
т. 1, с. 419
АПАТЭ́ЦЫЙ
(ад грэч. apothēkion сховішча),
адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.
т. 1, с. 419
АПАФЕГМА́ТЫ
(ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),
старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.Мужылоўскі, І.Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.Легатовіч.
У.Г.Кароткі.
т. 1, с. 420
АПАФЕ́МА правільнага многавугольніка, адрэзак перпендыкуляра, апушчанага з цэнтра правільнага многавугольніка на любую з яго старон. Апафема правільнага n-вугольніка роўная радыусу rn упісанай у яго акружнасці і звязана з яго стараной an і плошчай Sn суадносінамі:
,
. Апафема правільнай піраміды — вышыня яе бакавой грані.
т. 1, с. 420
АПАФЕО́З
(ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
т. 1, с. 420
АПАФЕРМЕ́НТ
(ад апа... + фермент),
апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).
т. 1, с. 420