Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

АПЫЛЕ́ННЕ НАСЯКО́МЫМІ,

гл. Энтамафілія.

т. 1, с. 441

АПЫ́РСКВАЛЬНІК,

машына для апырсквання раслін растворамі, суспензіямі ці эмульсіямі ядахімікатаў. Выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі, пры дэфаліяцыі і дэзінсекцыі памяшканняў. Бываюць самалётныя, трактарныя (прычапныя і навясныя) і ранцавыя; гідраўлічныя і вентылятарныя.

У гідраўлічных апырсквальніках рабочая вадкасць распыльваецца фарсункамі за кошт лішкавага ціску ў гідрасістэмах. У вентылятарных вадкасць распыльваецца, акрамя фарсунак, паветраным патокам ад вентылятара. На Беларусі асвойваецца вытв-сць гідраўлічных апырсквальнікаў (ОПШ-15М) з дадатковым абсталяваннем для прыгатавання раствораў пестыцыдаў непасрэдна ў апырсквальніках.

Л.Я.Сцяпук.

Навясны універсальны апырсквальнік ОН-400.
Прынцыповая схема апырсквальніка ОПШ-15М: Б1, Б2 — бакі асноўны і дадатковы; П — помпа; РЦ — рэгулятар ціску напорнай магістралі; МН — манометр; К1, К2 — калектары напорны і зліўны; Ф1, Ф2, Ф3 — фільтры; В1, В2, В3 — вентылі; УМ — узроўнямеры; КМ1, КМ2 — краны; Р — рухавік мяшалкі; Э1, Э2 — эжэктары; СЦ, СПР1, СПР2, СК1, СК2 — цэнтральная, прамежкавыя і крайнія секцыі штангі; РВ — распыляльнік; ВП — выканаўчае прыстасаванне; ДС — датчык скорасці; РМ — расходамер; БК — блок кіравання.

т. 1, с. 441

АПЫТА́ННЕ,

метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).

С.А.Яцкевіч.

т. 1, с. 442