працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.
узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.
спосаб размяшчэння і парадак чаргавання пальцаў пры ігры на муз. інструменце, а таксама яго абазначэнне ў нотах. Залежыць ад спецыфікі канструкцыі інструмента і прыёмаў ігры на ім, ад індывід. асаблівасцяў будовы рук выканаўцы. Зручная аплікатура — дзейсны сродак выразнасці выканання твора.
у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.
У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).
Да арт.Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.Да арт.Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.Да арт.Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.
жыльная магматычная горная парода. Раўнамерна- і дробназярністая, бедная слюдой і інш. каляровымі мінераламі. Адрозніваюць гранітныя (найб. пашыраныя), дыярытавыя, сіенітавыя і інш.Шчыльн. 2500—2700 кг/м³. Сярэдні хім. састаў (% па масе) гранітных аплітаў: SiO2 75, Al2O3 13,4, K2O 4,8, Na2O 3,54, CaO 1,13 і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці, як сыравіна на друз.
АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.
ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.