Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПРАБА́ЦЫЯ

(лац. approbatio),

1) афіцыйнае ўхваленне, зацвярджэнне, вынесенае на падставе выпрабавання, праверкі, шырокага абмеркавання.

2) У сельскай гаспадарцы — абследаванне сартавых пасеваў і пладова-ягадных насаджэнняў для вызначэння сапраўднасці сорту, сартавых якасцяў і ўраджайнасці, праверкі выканання правілаў насенняводства. Апрабацыя палявых культур праводзіцца ў полі праз агляд, адбор і аналіз апрабацыйнага матэрыялу. Для кожнай культуры прадугледжана методыка апрабацыі, напр., фаза развіцця раслін у момант апрабацыі, плошча (у га) для адбору снапа, колькасць сцяблоў у снапе і г.д. Палявой апрабацыі падлягаюць усе сартавыя насенныя пасевы. Астатнія сартавыя пасевы рэгіструюць на аснове сартавых дакументаў. Вынікі аналізу запісваюць у акт апрабацыі.

т. 1, с. 433

АПРА́КСІН Фёдар Мацвеевіч

(1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра І, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

АПРАМЯНЕ́ННЕ АРГАНІ́ЗМА,

прыроднае або штучнае ўздзеянне выпрамяненняў на жывы арганізм. У натуральных умовах жывыя істоты апраменьваюцца інфрачырвоным (цеплавое апрамяненне), бачным і ультрафіялетавым сонечным святлом, а таксама касм. прамянямі і іанізоўным выпрамяненнем зямнога паходжання (гл. Фон радыеактыўны). Пры штучным апрамяненні арганізма часцей скарыстоўваюць іанізавальныя, ультрафіялетавыя, ультравысокачастотныя выпрамяненні. Адрозніваюць апрамяненне арганізма татальнае (усяго цела) і лакальнае (частковае), вострае (за кароткі прамежак часу) і хранічнае, або пралангаванае (працяглае), аднаразовае і фракцыянаванае (сумарная доза паступае часткамі, з рознымі прамежкамі часу), вонкавае і ўнутранае (ад радыеактыўных рэчываў, што трапілі ў арганізм). Па даных Навук. к-та ААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР ААН; 1988) сярэднія дозавыя нагрузкі насельніцтва Зямлі ў пераліку на гадавыя эфектыўныя эквівалентныя дозы апрамянення складаюць у мілізівертах (мЗв): ад натуральных крыніц радыяцыі зямнога паходжання пры ўнутр. апрамяненні 1,325, пры вонкавым 0,35; касмічнага паходжання 0,3 і 0,015 адпаведна; ад крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, 0,4; ад радыеактыўных ападкаў 0,02; ад атамнай энергетыкі 0,001. На тэр., што пацярпелі ад буйных радыяц. катастроф (напр., Кыштымская 1957, Расія; Чарнобыльская 1986, і інш.), пасляаварыйныя дозавыя нагрузкі на арганізм значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Напр., праз 5 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення складала (мЗв): у Брагіне 2,5, Ветцы 3,1, Буда-Кашалёве 1,3, Карме 2. У «Каталог дозаў апрамянення насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (1992) занесена 3326 нас. пунктаў, дзе шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 складала 15—40 Кі/км² і сумарныя гадавыя эквівалентныя дозы да 2—3 мЗв. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў.

т. 1, с. 433

АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

т. 1, с. 434

АПРАСНЯ́ЛЬНІК,

тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.

т. 1, с. 434

АПРАЎДА́ННЕ,

прызнанне судом падсуднага невінаватым у прад’яўленым яму абвінавачанні. Апраўдальны прыгавор выносіцца ў выпадках, калі не ўстаноўлены факт злачынства, у дзеяннях падсуднага адсутнічае склад злачынства або не даказаны яго ўдзел у злачынстве. Пры апраўданні суд павінен неадкладна вызваліць падсуднага з-пад варты, калі ён быў да гэтага арыштаваны.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 434

АПРА́ЎКА,

1) прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для мацавання на ім пустацелых вырабаў ці інструментаў пры апрацоўцы на металарэзных станках; від аснасткі тэхналагічнай. Бывае суцэльная — у выглядзе метал. стрыжня канічнай, цыліндрычнай ці камбінаванай формы, і распускальная — у выглядзе пустацелага цыліндра з конусным стрыжнем унутры. Апраўка надае інструменту, дэталям і загатоўкам неабходнае становішча, папярэджвае магчымае працісканне сценак вырабаў, памяншэнне дыяметра адтулін і інш. 2) Інструмент (цыліндрычны стрыжань), які ўстаўляецца ў поласць вырабаў пры коўцы, раскачванні кальцавых паковак, пракатцы трубаў з патанчэннем сценак, выпраўленні змятых трубаў і інш.

т. 1, с. 434

АПРАЦО́ЎКА ў музыцы, у шырокім сэнсе — змяненне арыгінальнага нотнага тэксту муз. твора з пэўнай мэтай: прыстасаванне яго для выканання інш. складам выканаўцаў (аранжыроўка), прывядзенне ў адпаведнасць з тэхн. узроўнем пэўнага кантынгенту выканаўцаў (аблегчанае пералажэнне або, наадварот, віртуозная транскрыпцыя), стварэнне акордавага суправаджэння да аднагалосай мелодыі (гарманізацыя), мадэрнізацыя твора. Апрацоўкай называюць таксама далучэнне інстр. суправаджэння да нар. песні або яе харавое выкладанне.

Апрацоўкай нар. мелодый займаліся з канца 18 ст. многія вядомыя кампазітары (І.Гайдн, Л.Бетховен, І.Брамс, М.Балакіраў, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, А.Лядаў і інш.). Падобныя апрацоўкі паступова вылучыліся ў самаст. муз. жанр, які атрымаў вял. развіццё ў многіх нац. кампазітарскіх школах, у т. л. ў беларускай.

С.Г.Нісневіч.

т. 1, с. 434

АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.

т. 1, с. 434

АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).

Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Літ.:

Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;

Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.

т. 1, с. 434