Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПЕ́ЙКА Аляксандр Фёдаравіч

(н. 13.2.1950, Мінск),

бел. вучоны ў галіне механікі трансп. сродкаў. Д-р тэхн. н., праф. (1994). Сын Ф.А.Апейкі. Скончыў БПІ (1972). З 1978 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па камп’ютэрным мадэліраванні, сінтэзе сістэм кіравання і аптымізацыі трансп. сродкаў.

Тв.:

Теория поворота гусеничных машин. М., 1984 (разам з В.У.Гуськовым);

Методы моделирования систем с сосредоточенными параметрами // Применение математических методов и ЭВМ: Вычислительные методы проектирования оптимальных конструкций. Мн., 1989.

т. 1, с. 421

АПЕ́ЙКА Фёдар Аляксандравіч

(21.2.1908, Мінск — 29.4.1970),

бел. вучоны ў галіне механікі тарфяных машын. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—1961), д-р тэхн. н. (1949), праф. (1950). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1932). Працаваў у Маскве, у 1938—41 і з 1949 у Ін-це торфу АН Беларусі, з 1949 адначасова ў БПІ. Навук. працы па прыкладной механіцы, разліку тарфяных машын і с.-г. тэхнікі, па тэорыі пластычнасці, кантактавай трываласці. Стварыў матэм. тэорыю трэння, спрошчаную тэорыю дакладнасці механізмаў.

Тв.:

Колесный и гусеничный ход. Мн., 1960;

Теория прочности. Мн., 1961;

Торфяные машины. Мн., 1968;

Математическая теория трения. Мн., 1971.

т. 1, с. 421

АПЕЙРО́Н

(ад грэч. apeiron бязмежнае),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі. Уведзены Анаксімандрам для абазначэння неакрэсленай, бязмежнай матэрыі, што знаходзіцца ў вечным руху. Усе рэчы і сусвет узніклі шляхам вылучэння з апейрону процілегласцяў (мокрае і сухое) і іх барацьбы. Важнае дасягненне ў параўнанні з уяўленнямі аб тоеснасці матэрыі з канкрэтным рэчывам (вадой, паветрам). У піфагарэізме апейрон — бясформенны, неабмежаваны пачатак, разам з процілегласцю — «канцом» — аснова існага.

т. 1, с. 421

АПЕ́КА,

форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.

т. 1, с. 421

АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,

сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 421

А́ПЕКС (ад лац. арех вяршыня) у астраноміі, пункт нябеснай сферы, у напрамку да якога перамяшчаецца нябеснае цела ў сваім руху адносна навакольных зорак. Залежыць ад выбару зорак, адносна якіх вызначаецца рух. Апекс гадавога руху Зямлі вакол Сонца знаходзіцца ў плоскасці экліптыкі пад вуглом, роўным амаль 90° да напрамку Зямля—Сонца, і перамяшчаецца, замыкаючы за год круг. Апекс руху Сонечнай сістэмы адносна бліжэйшых зорак знаходзіцца ў сузор’і Геркулеса. Процілеглы апексу пункт — антыапекс. Апексам наз. таксама пункт арбіты ШСЗ, найб. аддалены на Пн ад плоскасці зямнога экватара.

т. 1, с. 421

АПЕ́ЛА,

народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.

т. 1, с. 421

А́ПЕЛДОРН

(Apeldoorn),

горад у цэнтр. ч. Нідэрландаў. 145 тыс. ж. (1985). Прыстань на Апелдорнскім канале. Чыг. вузел. Машынабудаванне, хім., папяровая, тэкст. прам-сць. Паблізу Апедлорна летняя каралеўская рэзідэнцыя; палацы 14 і 17 ст.

т. 1, с. 421

АПЕЛЕ́С

(Apellēs; каля 380—300 да н.э.),

старажытнагрэчаскі жывапісец. Працаваў у Эфесе, Косе, Александрыі, быў прыдворным мастаком македонскіх цароў. Пісаў на драўляных дошках тэмперай. Выкарыстоўваў белую, чорную, жоўтую і чырвоную фарбы, віртуозна валодаў святлаценем. Выканаў партрэты Філіпа II і яго сына Аляксандра Македонскага, аўтапартрэт. Найб. вядомая карціна Апелеса «Афрадыта Анадыямена». Работы Апелеса не захаваліся.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 421

А́ПЕЛЬ

(Appell) Карл Юльянавіч (16.12.1857, Парыж — 1930),

польскі і рускі мовазнавец. Выкладаў у гімназіях Варшавы. Працы па вывучэнні слав. моў: «Да славянскага народнага словаўтварэння» (1880), «Нататкі пра старажытнапольскую мову» (1880) і інш. У нарысе «Аб беларускай мове» (1880) разглядаў асн. фанетыка-граматычныя рысы бел. мовы. Паводле агульнамовазнаўчых поглядаў належаў да псіхал. кірунку ў лінгвістыцы.

М.Г.Булахаў.

т. 1, с. 421