А́ПЕКС (ад лац. арех вяршыня) у астраноміі, пункт нябеснай сферы, у напрамку да якога перамяшчаецца нябеснае цела ў сваім руху адносна навакольных зорак. Залежыць ад выбару зорак, адносна якіх вызначаецца рух. Апекс гадавога руху Зямлі вакол Сонца знаходзіцца ў плоскасці экліптыкі пад вуглом, роўным амаль 90° да напрамку Зямля—Сонца, і перамяшчаецца, замыкаючы за год круг. Апекс руху Сонечнай сістэмы адносна бліжэйшых зорак знаходзіцца ў сузор’і Геркулеса. Процілеглы апексу пункт — антыапекс. Апексам наз. таксама пункт арбіты ШСЗ, найб. аддалены на Пн ад плоскасці зямнога экватара.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)