АПАФЕГМА́ТЫ

(ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),

старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.Мужылоўскі, І.Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.Легатовіч.

У.Г.Кароткі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)